О том, как районная газета сопровождает ее на протяжении всей жизни, рассказала наша 95-летняя читательница

  • 2023-09-11 14:52:19
  • Ольга САВИЦКАЯ

Кругавец-Калініна. Абед. Па вёсцы толькі разнеслі свежыя газеты. З большасці скрынак выглядваюць ражкі скруткаў са знаёмым лагатыпам. 


Але ў жанчыны ў чырвонай сукенцы, што чытае свежую прэсу на лавачцы каля двара, нумар раёнкі ўжо ляжыць на каленях. 


Вітаемся. 


– Мяне Ліда завуць, – сціпла прадстаўляецца жанчына.  


Як аказалася, Лідзія Марчанка – адна з найбольш сталых жыхароў аграгарадка. У кастрычніку ёй споўніцца 96 гадоў. Але, нягледзячы ні на сталы ўзрост, ні на зрок, што ўжо не такі добры, як у маладосці, яна зноў і зноў просіць паштальёна выпісаць на яе адрас любімую газету.


– Лічы, усё жыццё разам, – усміхаецца Лідзія Антонаўна. – Тут мая Радзіма, значыць, і навіны павінна чытаць мясцовыя. Ды і цікава гэта, калі бачыш на старонках газеты знаёмыя твары, чытаеш аб тых, каго асабіста ведаеш. Радуюся, калі ў паштовай скрынцы знаходжу новы экзэмпляр.


Пытаем, з чаго суразмоўніца пачынае знаёміцца з чарговым нумарам «ДК». Як аказалася, Лідзія Марчанка паспела пацікавіцца прагнозам надвор'я на бліжэйшыя дні, прачытаць, у якой фазе месяц. Пра матэрыял аб рабоце газавай службы раёна на першай старонцы заўважае: «Патрэбная тэма!» 
А яшчэ наша чытачка ніколі не прапускае аб’явы і віншаванні. Гаворыць, што ў іх часта бачыць знаёмыя прозвішчы. 


– За імёнамі ўспамінаюцца людзі, тыя, з кім плячо ў плячо працавала заатэхнікам. Тыя, каму кожны дзень прадавала неабходнае за прылаўкам мясцовага магазіна. 


Сёння побач з ёй толькі дачка Наталля. Мужа і двух сыноў Лідзія Антонаўна страціла. Цяжка ёй было адной у родных сценах. Папрасілася да дачкі ў Гомель. І вось некалькі гадоў запар сяльчанка на зімнія месяцы становіцца гараджанкай. Але заставацца надоўга ў бетонных джунглях яна не можа. Душа просіцца назад.


– Усё роднае, цягне сюды, – тлумачыць суразмоўніца. 


Газета ж, па словах Лідзіі Антонаўны, дапамагае ёй быць у курсе таго, чым сёння жыве Добрушчына. Таму першае, што робіць жанчына, калі прыязджае ў родную вёску, – выпісвае раёнку. Менавіта «Добрушскі край» лепш за ўсё чытаецца тут, на лавачцы пад старой яблынькай.

Последние новости