28 кастрычніка адбудзецца абласны суботнік. Як дабрушане адносяцца да працы талакой, даведаліся журналісты «Добрушскага краю»

  • 2023-10-25 08:33:26
  • Наталья НЕСТЕР

Вольга ТАЛАКНЯНІК, спецыяліст па сацыяльнай рабоце:


– Суботнікі люблю са школы. Высадка алей, уборка тэрыторыі, наведванне памятных месцаў... Прыемна бачыць, як растуць дрэвы, якія сам пасадзіў. На сродкі, заробленыя на абласным мерапрыемстве, мы пачынаем новы патрыятычны праект, які ўключае рамонт плошчы Паўстання ў Гомелі. Яго маштаб уражвае. Калі завершацца работы, абавязкова ўсёй сям’ёй наведаем і памятны знак ахвярам генацыду, які тут мяркуюць устанавіць, і адноўленую плошчу. 
 

Алег ПІНЧУКОЎ, інжынер:


– За 14 год, што працую на фарфоравым заводзе, не прапусціў, напэўна, ніводнага суботніка. Лічу справядлівым, што ў гэтыя дні мы выходзім навесці парадак на тэрыторыях агульнага карыстання. Нельга перакладваць усе работы па добраўпарадкаванні горада на камунальную службу. 
Давялося працаваць і на добраўпа­радкаванні брацкага пахавання ў «Лядцах». Гэта выдатны выхаваўчы момант такіх мерапрыемстваў. 
Нельга адмаўляцца ад правядзення суботнікаў, бо так працягваецца добрая традыцыя нашых продкаў працаваць талакой.
 

Ларыса СІМАНЕНКА, работніца сельвыканкама, Насовічы:


– Падчас суботнікаў мы маем магчымасць рэалізаваць смелыя ініцыятывы. Нядаўна ў Насовічах разам з жыхарамі, якія пасля чарнобыльскай трагедыі пераехалі да нас, навялі парадак і аформілі клумбу са шматгадовымі раслінамі. У работах паўдзельнічалі толькі перасяленцы. Для іх гэта асаблівае месца памяці. Такое для ўсіх жыхароў Гомельшчыны – плошча Паўстання, шматлікія брацкія захаванні, мемарыялы і помнікі. Традыцыя добраўпарадкоўваць іх за народныя сродкі – даўняя, і як паказвае практыка, дае добрыя вынікі. 
 

Последние новости