103-годдзе класіка беларускай літаратуры Івана Шамякіна адзначылі ў Добрушы

  • 2024-01-30 11:52:17
  • Ольга САВИЦКАЯ

Прыхільнікі таленту пісьменніка і вучні сярэдняй школы №1 райцэнтра сабраліся каля помніка знакамітаму земляку. У руках многіх чырванелі гваздзікі.

– Ураджэнец вёскі Карма Добрушскага раёна, Іван Пятровіч ніколі не забываў малую радзіму, славіў яе людзей у сваіх творах, – нагадае прысутным начальнік аддзела культуры райвыканкама Таццяна Шасцерына. – Творчы здабытак пісьменніка – 12 раманаў, 26 апосцяў, 10 п’ес і мноства апавяданняў, твораў публіцыстыкі, навуковых артыкулаў.

Прозу класіка называюць гімнам чалавеку працы, чалавеку-патрыёту, воіну і стваральніку. І, нягледзячы на тое, што час рухаецца наперад, спадчына аўтара застаецца актуальнай і цікавай чытачу.

Пра сваё дачыненне да Івана Пятровіча расказала кіраўнік народнага літаратурна-паэтычнага клуба «Натхненне» Людміла Яськова. Аказваецца, сярод вершаў дабрушанкі ёсць і прысвечаныя таленавітаму земляку. Прычым адзін з іх мэтр прачытаў і пахваліў.

– Першы кіраўнік нашага клуба Святлана Грынчык ездзіла ў Мінск на 85-годдзе Івана Шамякіна, – падзялілася яна. – А ў падарунак прывезла імянінніку пяць вершаў дабрушан. Яны сталі адным з самых кранальных сюрпрызаў у той дзень.

Пасля прагучалі вершы ў гонар літаратара, гараджане ўсклалі кветкі да помніка Івану Шамякіну.

Мерапрыемствы ў гонар земляка прадоўжыліся ў раённым краязнаўчым музеі.

Последние новости