В Тереховском центре творчества детей и молодежи Добрушского района прошел областной семинар для руководителей учреждений дополнительного образования

  • 2018-12-17 14:21:30
  • Наталья НЕСТЕР

У Церахоўскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі натхненне і творчы настрой  прапісаліся літаральна з першых дзён работы ўстановы. Здараецца, былыя выхаванцы вяртаюцца сюды выкладчыкамі.

Так, напрыклад, адбылося з кіраўніком студыі “Крэатыўнае рукадзелле” Вольгай Гушчынай. Малады педагог цяпер працуе ў тандэме са сваёй маці Інай Уладзіміраўнай. А калекцыя адзення, у стварэнні якой Вольга некалі прымала ўдзел, стала ілюстрацыяй работы церахоўскіх педагогаў у час сустрэчы гасцей – удзельнікаў абласнога семінара для кіраўнікоў устаноў дадатковай адукацыі.

Вопытам работы на мерапрыемстве дзяліліся церахоўскія і добрушскія педагогі дадатковай адукацыі. Якімі відамі творчасці займаюцца юныя церахаўчане ў аб’яднаннях па інтарэсах, прадэманстравала выстава. Адметнасць многіх работ – спалучэнне арыгінальных тэхнік выканання і матэрыялаў.

Якасць адукацыйнага працэсу ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў мерапрыемства ў Церахоўцы была невыпадковай. Як адзначыла намеснік дырэктара абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Беладзедава, у галіне ёсць шэраг праблем, якія патрабуюць увагі.

– Сярод педагогаў дадатковай адукацыі назіраем змену пакаленняў. Прыходзіць шмат моладзі. Яны – з пакалення, якое не ведала рамантыкі камсамольскага жыцця, у іх не сфарміравана пачуццё калектыўнага духу, у якім выхоўвалі іх старэйшых калег. Вось чаму мы вырашылі арганізаваць сустрэчы на базе ўстаноў дадатковай адукацыі раёнаў. Бачым, наколькі яны карысныя.

Па традыцыі асноўная ўвага яго ўдзельнікаў – метадычным аспектам работы ўстаноў.

Яркім момантам творчай прэзентацыі стаў паказ калекцыі адзення.

– Этнічны стыль, у якім яна створана, будзе заўсёды актуальным, – заўважае Іна Гушчына. – Дарэчы, калекцыя адзення “Спадчына” створана каля 10 год таму, на конкурсе “Рознакаляровая мазаіка” заваявала раней прызавое месца.

Як адзначыла падчас прэзентацыі раёна загадчыца раённага метадычнага кабінета аддзела адукцацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянціна Лапіцкая, дадатковая адукацыя Добрушчыны прадстаўлена трыма ўстановамі.

– 89 дыпломаў розных ступеняў атрымалі нашы выхаванцы і педагогі на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Прэстыж дадатковай адукацыі  перамогамі ў прафесійных конкурсах пацвярджаюць і педагогі. Так, каманда раённага цэнтра дадатковай адукацыі заняла трэцяе месца  на  абласным этапе конкурсу арганізатараў гульняў і задум, – адзначыла Валянціна Лапіцкая.

Вынікі работы ўдзельнікі семінара абмеркавалі за круг­лым сталом.

Наталля ВАСІЛЬЕВА

Фота Яўгена УСЦІНАВА

Последние новости