Ва ўстанове рэалізуецца ўнікальны праект Парка высокіх тэхналогій пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. На занятках аб’яднанняў па інтарэсах «Інфарматыка без разеткі» і «Лабараторыя адкрыццяў» пабывалі журналісты «Добрушскага краю».
Віктарыны, квэсты, падарожжы
– А што азначае «без разеткі»? – пытаемся ў выхавацеля Ларысы Боевай.
Дарэчы, каб атрымаць адпаведны сертыфікат і стаць цьютарам праекта, педагог паспяхова скончыла анлайн-курс працягласцю 16 акадэмічных гадзін, прайшла тэсціраванне і вось ужо тры гады вучыць выхаванцаў старэйшых груп асновам алгарытмізацыі.
– Заняткі праводжу ў форме гульні, выкарыстоўваю сшыткі, дыдактычныя карткі і многае іншае, толькі не камп’ютар, – расказвае педагог.
Звяртаем увагу на разлінаваную частку падлогі актавай залы. Аказалася, што гэта – гульнявое палатно. І вось ужо месцы каля квадратаў занялі хлопчыкі і дзяўчынкі, апранутыя ў белыя футболкі з сімпатычным рыжым персанажам. Сімвал праекта – кот Алесік – заўсёды побач. Для выхаванцаў ён не проста мяккая цацка, а памочнік і сябар, які з усмешкай назірае за імі і падтрымлівае.
У тым, што выхаванцы Ларысы Боевай умеюць лагічна разважаць, фантазіраваць, адрозніваць праўдзівую інфармацыю ад няправільнай, пераканаліся і мы падчас задання, звязанага з выбарам тавару ў «магазіне»: купіць, напрыклад, гародніну ці фрукт не чырвонага, не жоўтага і не зялёнага колеру. Прызнаемся: газетчыкі на хвілінку задумаліся.
– Удзел у праекце дапамагае падрыхтавацца да вучобы ў школе і сацыялізацыі ў грамадстве. Дзеці становяцца больш уважлівымі і, што немалаважна, іх не надта прыцягваюць смартфоны і планшэты, – падкрэслівае суразмоўніца.
Проста аб складаным
А ў «Лабараторыі адкрыццяў» тым часам ідзе сур’ёзны эксперымент. Вакол століка з «магічнымі» прадметамі сабраліся маленькія даследчыкі. На іх – яркія ахоўныя накідкі і шапачкі. Гэта трэба, каб нішто не адцягвала ўвагу падчас заняткаў, а рэчывы не запэцкалі адзенне.
– У нас тут нярэдка штосьці рассыпаецца, праліваецца і разлятаецца, – жартам заўважае кіраўнік гуртка Алена Каптурэўская. – Бываюць і няўдалыя спробы, і бліскучыя вынікі. У эксперыментах удзельнічаюць усе. Поспехі кожнага фіксуюцца яркімі сцікерамі ў індывідуальных альбомах.
Скончыўшы анлайн-курс «Лабараторыя адкрыццяў: для пачаткоўцаў», з мінулага месяца педагог праводзіць незвычайныя заняткі з выхаванцамі старэйшай групы. Іх сутнасць у тым, каб даступна растлумачыць фізічныя з’явы на наглядных прыкладах з жыцця. Для гэтага выкарыстоўваюцца звыклыя рэчы, бытавыя прадметы, харчовыя прадукты.
На гэты раз даследчыкам спатрэбіліся малако, смятанка высокай тлустасці, харчовыя фарбавальнікі, піпетка, ватныя палачкі і сродак для мыцця посуду. Дзеці змяшалі малочныя прадукты, дадалі крыху каляровай вады, а потым пры дапамозе змочанай у мыйным сродку палачкі пачалі маляваць на паверхні ўзоры. Неверагодна, але замест таго, каб перамяшацца, кожная каляровая пляма захавала свае контуры.
– Мыйны сродак адштурхнуў фарбу, і атрымаліся такія прыгожыя разводы, – падводзіць вынік эксперыменту Алена Каптурэўская.
Дзеці ў захапленні, здаецца, «чаравалі» б увесь дзень. Педагог абяцае, што новы занятак будзе не менш цікавым.
– Раскажыце нам зноў пра малекулы! – просіць адна з самых актыўных дзяўчынак групы.
Педагог задаволена ўсміхнулася: калі дзецям спадабалася няпростая тэма самага першага занятку, значыць, са школьнымі прадметамі прыродна-матэматычнага профілю ў іх праблем не будзе.