Педагагічны шлях настаўніцы хіміі і біялогіі Дар'і Башылавай невялікі – усяго другі год працуе ў сярэдняй школе №3 Добруша. А прыгод і эмоцый за гэты час назапасіла ўжо на доўгія ўспаміны.
У раскладзе заняткаў маладога педагога – урокі ў класах з пятага па адзінаццаты. З першых дзён працы настаўніца са шчырай усмешкай сумела знайсці падыход да школьнікаў рознага ўзросту.
– Адзін з вучняў нават кансультаваўся па пытаннях паступлення. Таксама выбраў прафесію настаўніка, – расказала Дар'я Башылава.
У яе і самой быў цудоўны прыклад адносінаў да прафесіі. Мама Алена Аляксееўна выкладае матэматыку ў СШ №2 Добруша. І хоць рашэнне Дар'і падаць дакументы на біялагічны факультэт у ГДУ было нечаканым, яна ўпэўнілася, што зрабіла правільны выбар.
– Сярод настаўнікаў не бывае выпадковых людзей. Гэта прафесія, якая дае магчымасці для пастаяннага самаразвіцця. Першы год маёй працы быў вельмі насычаным і цікавым. Знаёмілася з дзецьмі, вучылася афармляць дакументацыю, вяла ўрокі пад пільнай увагай камісіі конкурсу «Лепшы малады педагог года». Ён доўжыўся ўвесь навучальны год. Паехала з дзецьмі ў санаторый – разважала пра эсэ. Рыхтавалася да заняткаў – думала, як зрабіць іх не проста цікавымі, а незабыўнымі, – расказвае дзяўчына.
І гэта маладой настаўніцы ўдалося. Адна з вучаніц настолькі праніклася ўрокамі біялогіі, што падчас летніх канікул сабрала калекцыю насякомых. Ды і ўрокі Дар'і Аляксандраўны іншы раз праходзяць не за партай, а на прыродзе.
– Вельмі хочацца паказаць дзецям, наколькі цікавыя гэтыя прадметы. Прасторны школьны двор – лепшая ілюстрацыя да падручніка, – упэўнена Дар'я Башылава.