Каля 900 вучняў, удвая больш бацькоў і прафесійны калектыў педагогаў 1 верасня чакалі з нецярпеннем. Для іх Дзень ведаў стаў двайным святам: першы званок і афіцыйнае адкрыццё абноўленага будынка школы.
У прывітальным слове старшыня райвыканкама Аляксандр Горбач адзначыў: улада робіць усё, каб маладое пакаленне атрымала найлепшую адукацыю і вучылася ў камфортных умовах. Абноўленая школа, у якой нават замянілі некаторае старое абсталяванне, – таму пацверджанне.
– Умовы для навучання стварылі вам найлепшыя, – адзначыў кіраўнік раёна. – А для паспяховага фізічнага развіцця вырашылі падарыць вам варкаўт-пляцоўку. Аматараў гэтай дваравой забавы ў горадзе становіцца ўсё больш. Займайцеся на здароўе!
Госці, а іх у гэты дзень сабралася нямала, жадалі рабятам поспехаў і выдатных адзнак, настаўнікам – сталевых нерваў, бацькам – жалезабетоннага цярпення. Гучалі і словы ўдзячнасці будаўнікам, якія амаль тры гады працавалі над рамонтам будынка школы. Кіраўнік сельгаспрадпрыемства Уладзімір Данільчанка завітаў на свята з асобай місіяй – павіншаваць дзяцей з пачаткам новага навучальнага года і ўручыць грамату і грашовы сертыфікат дзевяцікласніку Аляксандру Мінчанку, які летам паспяхова працаваў на ўборцы зерневых.
Больш за ўсё ўвагі, па-традыцыі, удзялілі першакласнікам, якіх сёлета ў школе аж чатыры класы, і адзінаццацікласнікам. Для адных першы званок гучаў упершыню, для другіх – у апошні раз. Старт новаму навучальнаму далі прадстаўнікі гэтых класаў Багдана Міход і Андрэй Сіроткін.