Яндекс.Метрика

Бацькі вучняў Церахоўскай СШ №2 задаволены ўмовамі, якія стварылі для іх дзяцей ва ўстанове адукацыі гарадскога пасёлка

  • 2024-08-18 14:00:00
  • Людмила НАЗАРОВА

Жыхарка гарпасёлка Вольга Ткачова прывя­дзе ў верасні на лінейку дачку Ксенію. Дзяўчынка з нецярпеннем чакае дня, калі стане першакласніцай. Ужо нават парту ў класе выбрала і з настаўніцай пазнаёмілася.

– Мой сын таксама тут вучыцца, пойдзе ў сёмы клас, – расказвае Вольга. – У школе бываю часта, таму з упэўненасцю магу сказаць, што нашы дзеці пад надзейнай абаронай. Умовы добрыя, ёсць усё неабходнае для іх навучання і гарманічнага развіцця. І педагогі ў нас самыя лепшыя! Заслуга ў гэтым, несумненна, належыць кіраўніку ўстановы.

З дырэктарам школы Ірынай Архіпенка журналістам «Добрушскага краю» таксама ўдалося сустрэцца. З задаволенай усмешкай яна паведаміла, што пашпарт гатоўнасці да новага навучальнага года падпісаны. У камісіі, якая праводзіла прыёмку, не было істотных заўваг. А ўсё таму, кажа кіраўнік, што работы па падтрыманні небяспечных умоў і эстэтычнага выгляду памяшканняў право­дзяцца на працягу ўсяго года.

– Глабальных пера­ўтварэнняў мы не планавалі, а вось маштаб касметычных рамонтаў быў сёлета немалым, – расказала Ірына Архіпенка і запрасіла нас на экскурсію па школе.

Шчыра кажучы, на ўстанову, якая сустрэла сваё стагод­дзе, яна зусім не падобная. Праўда, будынак, у якім зараз месціцца школа, узведзены ў 1974 годзе. А выглядае значна маладзейшым. Такім яго робяць не столькі светлы колер сцен, цікавыя інтэр’ерныя наклейкі матывацыйнага зместу і іншыя сучасныя элементы дэкору, колькі асаблівая аўра, якая адчуваецца з першых крокаў. Нягледзячы на тое што ўмовы не горшыя, чым у гарадскіх школах, калектыву ўдалося захаваць вясковы каларыт. Хатняй утульнасці фае надаюць карункавыя фіранкі на вок­нах, не дайшла пакуль чарга і да замены старэнькіх дзвярэй некаторых памяшканняў.

– А ў бібліятэцы нядаўна ўстанавілі новыя, з белага пластыку, – заўважае Ірына Архіпенка.

Яна нагадала, што значныя змены ў школе адбыліся дзякуючы фінансавай падтрымцы Сусветнага банка развіцця. У гэты праект Церахоўская СШ №2 трапіла, калі спатрэбіўся капітальны рамонт аварыйнай спартыўнай залы. Яе аднавілі і яшчэ шмат чаго зрабілі за сродкі спонсара: часткова замянілі дзверы ўнутры будынка, набылі мульціборды. Іх цяпер тры, і ўсе запатрабаваны на ўроках.

Дырэктар школы таксама ўдзячна бацькам вучняў, гэта яны сабралі грошы на фарбу, лінолеум, новыя жалюзі і іншыя матэрыялы. А ўсе малярныя, сталярныя, сантэхнічныя работы выканалі сіламі калектыву. І толькі з выкошваннем травы на школьным стадыёне самастойна спраўляцца складаней, тут на дапамогу прыходзіць сельгас­прадпрыемства «Церахоўка-Агра». Унутраны двор школы таксама прасторны, але і на яго тэрыторыі парадак, на клумбах яркія кветкі, на фасадзе – новая шыльда.

З верасня дзверы школы адчыняцца для 96 навучэнцаў, сямёра з якіх – першакласнікі. Педагогі ўпэўнены, што кожнаму ў агульным «другім доме» будзе ўтульна і радасна.

Последние новости