Несколько пожарных расчетов боролись с возгоранием в Крупце

  • 2020-05-27 15:00:00
  • Николай ЖДАНОВИЧ

Досвітак у мінулую сераду аказаўся неспакойным для жыхароў вуліцы Калгаснай у Крупцы. Іх узняло з ложкаў гучнае завыванне пажарных сірэн. Даведаўшыся, што ўзгаранне ўзнікла ў адным з суседніх дамоў, многія здзівіліся: дом, дзе разгуляўся “чырвоны певень”, працяглы час пуставаў. Яго 44-гадовы гаспадар быў на заробках у Расіі.

– На ліквідацыю пажару выехала чатыры экіпажы пажарных: тры – з Добруша і адзін – з Насовіч, – распавёў “ДК” першы намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Міхаіл Лысоў. – Тры з іх неўзабаве ўступілі ў барацьбу з агнём. Праз непрацяглы час пажар быў патушаны. Агнём цалкам знішчаны дах цаглянай пабудовы памерам 5 на 7 метраў, столь і маёмасць, што знаходзілася ў доме.

На месцы пажару працавала следча-аператыўная група праваахоўнікаў, якая неўзабаве вынесе свой вердыкт аб прычынах узгарання. Асноўнымі версіямі з’яўляюцца занясенне крыніцы агню ў памяшканне звонку або падпал.

Як высветліў “ДК”, “гарачае” здарэнне ў Крупцы было гэтым ранкам не адзінкавым. Спецаўтамабіль выратавальнікаў насовіцкага паста, што з праблясковымі сігналамі спяшаў да месца пажару, на жаль, сам стаў удзельнікам дарожна-транспартнага здарэння. На перакрыжаванні вуліцы Леніна ў Лагунах з грунтавой дарогай адбылося сутыкненне “пажарнага “Урала” з легкавым аўтамабілем AUDI-80. Як 36-гадовы вадзіцель нямецкай іншамаркі, жыхар Гомельскага раёна, не заўважыў аўтацыстэрну, што рухалася па галоўнай дарозе, зараз высвятляюць эксперты Дзяржаўтаінспекцыі. З дапамогай медыкаў будзе ўстаноўлены і фізічны стан вадзіцеляў. Па інфармацыі выконваючага абавязкі начальніка аддзялення ДАІ райаддзела ўнутраных спраў Аляксандра Абросімава, у абодвух вадзіцеляў узяты для даследавання біялагічныя пробы.

Здзівіла і іншае: у невялікім легкавіку, што трапіў у аварыю, ехала… 8 чалавек. З іх – чатыры дзіцяці. Пацярпела пасажырка AUDI, якой у верасні споўніцца тры гады. З цялеснымі пашкоджаннямі яна дастаўлена ў абласную клінічную бальніцу.


Фота прадастаўлена райаддзелам па надзвычайных сітуацыях

Последние новости