Защита от COVID с доставкой: в Добрушском районе проводят вакцинацию на дому

  • 2021-08-27 10:00:00
  • Людмила ПИСКУНОВА

Такія выпадкі – хутчэй, выключэнне, чым звычайная практыка работы, патлумачылі ў адміністрацыі цэнтральнай райбальніцы. Каб пазбегнуць ускладненняў, на працэдуру пажадана прыходзіць у прышчэпачны кабінет.

– Аднак ёсць сітуацыі, калі пацыент з-за фізічнага стану і ўзросту не можа дабрацца ў медустанову, каб зрабіць прышчэпку супраць каронавірусу. Тады ідзём людзям насустрач, – паведаміла намеснік галоўнага ўрача Вольга Аляксеенка.

У тым, што пажылых людзей важна ўратаваць ад небяспечнага захворвання, упэўнена і ўрач агульнай практыкі Юлія Кадачнікава. Разам з ёй і медсястрой Марынай Высоцкай па ўказаным у заяўцы адрасе накіроўваемся і мы. Але спачатку – зборы па ўсіх правілах. У сумцы – шпрыцы, медыцынскі  матэрыял, зараднае прыстасаванне да тэрмакантэйнера з вакцынай. Унутры яго – мінус 19. Такі паказчык павінен захоўвацца і ў дарозе.

Праўда, ехаць далёка не давялося. Аказалася, пацыент жыве на вуліцы Дзімітрава ў райцэнтры. Прыемны момант: гасцей у белых халатах тут чакалі. Насустрач выйшла гаспадыня дома Ларыса Рудэнка і папрасіла прабачэння за непарадак. Турбавалася дарэмна. Нават нягледзячы на працяглы рамонт у пакоях акуратна. І пацыент, насуперак чаканням, аказаўся прыемным і ўпаўне самастойным мужчынам.  Адзінае, з-за чаго 63-гадовы Пётр Рудэнка мае абмежаванні, – страта зроку.

Для паскарэння тэмпаў вакцынацыі медыкі актыўна выкарыстоўваюць выезды на прадпрыемствы і ў арганізацыі раёна. Такой магчымасцю ужо скарысталіся калектывы раёна газазабеспячэння, папяровай фабрыкі, фарфоравага завода, райаддзела міліцыі, некаторых школ і дзіцячых садкоў Добруша.

Пётр Львовіч – чалавек у раёне паважаны. Палкоўнік у адстаўцы, былы лётчык, на рахунку якога – 220 баявых вылетаў. Воін-афганец, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Па словах жонкі, ён і сёння камандуе дамашнімі. Стан здароўя, па ацэнцы ўрача, таксама не выклікае занепакоенасці. Нават пасля перанесенай каронавіруснай інфекцыі.  Мужчына хварэў у лёгкай форме. Астатнім членам сям’і пашанцавала менш.

– Я ў бальніцы лячылася, адчувала сябе вельмі дрэнна, – расказала гаспадыня. – “Карону” падхапіла і дачка Алена. Таму вырашылі: як толькі надыдзе спрыяльны для вакцынацыі час, адразу запісваемся ўсёй сям’ёй. Уключаючы 27-гадовага ўнука.

Сказана – зроблена. Першы кампанент “Спадарожніка V” атрымалі ўсе. Пятру Львовічу, дарэчы, і ў мінулы раз  працэдуру правялі дома.

– Цяпер за вас можна не хвалявацца, – сказала на развітанне ўрач.

І нагадала: паўторную ін’екцыю рабіць абавязкова, каб надаць арганізму дастаткова сіл для супрацьстаяння вірусу. 

Фота Яўгена УСЦІНАВА   

Последние новости