Социальные работники в Добруше шьют бахилы для медиков

  • 2020-04-14 16:00:00
  • Сергей ЧАЙДАК

У гэтыя дні аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва больш нагадвае атэлье. На дыванах – рулоны тканіны, выкрайкі. І няспынны шчокат швейных машынак.

– Нашы работнікі з гатоўнасцю адгукнуліся на прапанову цэнтральнай раённай бальніцы дапамагчы стварыць медыкам рэзерв сродкаў асабістай абароны, – расказвае кіраўнік установы Алена Алейнікава. – Тканіну прадаставілі заказчыкі, як і адзін камплект аднаразовых бахілаў і нарукаўнікаў. Акуратна распусцілі на іх швы – і вось, гатовы шаблон для выкрайкі.

Швейная майстэрня ў цэнтры засталася яшчэ з таго часу, калі тут рэалізоўваўся праект па працоўнай адаптацыі інваліда. Тады швачка, заробак якой выплачваўся са сродкаў фонду сацыяльнай абароны, вырабляла ручнікі. Іх бясплатна перадавалі ў медыцынскія ўстановы. Нядзіўна, што пры патрэбе кіраўніцтва ЦРБ зноў узгадала пра сваіх сацыяльных партнёраў.

Загадчык аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Наталля Пахомава за швейнай машынкай не сядзела са школьных часоў. Кажа: давялося ўспамінаць некалі паказаную настаўнікам працоўнага навучання навуку.

– Збіраеш выкрайку ў адну дэталь – і цісні на педаль, – у рыфму каментуе яна свае дзеянні. – Работа нескладаная, а людзям – патрэбная.

Такіх самадзейных швачак, як Наталля, у цэнтры некалькі. Хутка спраўляюцца з шыццём Тамара Шаладонава, Святлана Музыкіна, Алена Пінчукова. Ім дапамагаюць практычна ўсе работнікі цэнтра, калі ў іх узнікае вольная хвілінка. На гэты час яны ператвараюцца ў закройшчыц, уручную абмётваюць швы бахілаў і нарукаўнікаў, прасуюць і пакуюць іх.

– У сярэднім вырабляем па 10 камплектаў, – расказвае Алена Алейнікава. – Яны баваўняныя, могуць выкарыстоўвацца неабмежаваную колькасць разоў. Толькі мыць не забывай.

Нагадаем: цэнтр сацыяльнага абслугоўвання – другая па ліку арганізацыя, якая аказвае добрушскім медыкам дабрачынную дапамогу. Дагэтуль мінскія праграмісты перадалі ім у карыстанне 20 камплектаў ахоўных шчыткоў.

Последние новости