Делегация Гомельского медуниверситета посетила Кормянскую амбулаторию общей практики

  • 2021-05-25 15:20:00
  • Ольга АСТАПЕНКО

Менавіта тут тры гады таму назад адкрыты беларуска-японскі навуковы адукацыйны цэнтр, створаны пры ініцыятыве Гомельскага медуніверсітэта. Азнаёміцца з працай Кармянскай амбулаторыі, пагутарыць з медыкамі прыехалі рэктар медуніверсітэта Ігар Стома, дэкан медыка-дыягнастычнага факультэта Ірына Назаранка, загадчык кафедры грамадскага здароўя і аховы здароўя Тамара Шаршакова.

Амбулаторыя абслугоўвае больш за паўтары тысячы чалавек. Тут ёсць клініка-дыягнастычная лабараторыя, кабінет для агляду, дзённы стацыянар, стаматалагічны кабінет. У адукацыйным цэнтры маюцца ўмовы для навучання. Вучэбны пакой разлічаны на групу з 12 чалавек.

– Наша мэта – актывізаваць падрыхтоўку студэнтаў на базе амбулаторыі, – пракаменцираваў Ігар Стома. – Гэта важна для маладых людзей, якія будуць працаваць у медыцынскіх установах Гомельшчыны.

Дэлегацыя медуніверсітэта наведала райбальніцу ў Добрушы, ацаніла патэнцыял кадравай падрыхтоўкі медыкаў.

– Мы давялі да спецыялістаў інфармацыю аб зменах, якія рыхтуюцца ў паслядыпломнай адукацыі, – кажа Ігар Стома. – А менавіта – ўвядзенне рэзідэнтуры ў бліжэйшы час. Гэта значыць, спецыялісты медыцынскіх ВНУ будуць атрымліваць спецыяльнасці урача агульнай практыкі, хірурга, анестэзіёлага і акушэр-гінеколага. Для атрымання больш вузкай спецыялізацыі, напрыклад, урача-анколага ці ўрача-дэрматолага яны павінны прайсці рэзідэнтуру.

З калектывам медработнікаў таксама абмеркаваны актуальныя пытанні прафілактыкі СOVID-19 у рэгіёне. Не абышлі і тэму вакцынацыі.

Ігар Стома, урач-інфекцыяніст, які, дарэчы, з’яўляецца кіраўніком рэгіянальнага штаба па рэагаванні на сітуацыю з СOVID-19, засяродзіў увагу на самых часта задаваемых пытаннях: супрацьпаказаннях да вакцынацыі, міфах і страхах.

– Вакцынацыя – самы бяспечны і эфектыўны метад, каб супрацьстаяць інфекцыі. Вакцына абараняе ад захворвання прыкладна на дзевяноста працэнтаў. Пасля прышчэпкі ў чалавеке выпрацоўваецца ўстойлівы імунітэт – ад шасці месяцаў да двух гадоў, – растлумачыў рэктар.

Завяршыўся візіт у раён сустрэчай кіраўніка медустановы са старшынёй райвыканкама Дзмітрыем Козелам. Гутарка ішла аб узроўні медыцынскай дапамогі ў раёне, аб супрацоўніцтве навукоўцаў і практыкаў. Было узнята, у прыватнасці, пытанне замацавання маладых спецыялістаў медыкаў у раёне.

Фота аўтара 

Последние новости