Журналисты «ДК» побывали на уроке белорусского танца

  • 2022-01-14 15:50:00
  • Наталья НЕСТЕР

У клубе аграгарадка Васільеўка, здаецца, сама атмасфера пранізана святам. Стужкі серпантыну на сценах, веер гірляндаў з «дожджыку» пад столлю і жывая пахучая сасна ў куце, упрыгожаная шклянымі рарытэтнымі цацкамі.

{"preview_thumbnail":"/sites/default/files/styles/video_embed_wysiwyg_preview/public/video_thumbnails/3wKw9Wk2cKg.jpg?itok=-u37A55U","video_url":"https://www.youtube.com/watch?v=3wKw9Wk2cKg","settings":{"responsive":1,"width":"854","height":"480","autoplay":1},"settings_summary":["Embedded Video (Адаптивный, autoplaying)."]}

Гаспадыня ўстановы, кіраўнік ансамбля «Весялуха» Галіна Філімонцава, валодае ўнікальным уменнем. Больш за 40 год яна па крупіцах збірае даныя пра асаблівасці танцаў гэтай мясцовасці і пагадзілася даць газетчыкам адмысловы майстар-клас.

– Характарны танец пачынаецца з касцюма, – тлумачыць Галіна Філімонцава. – Спадніца, фартушок, вышываная кашуля, камізэлька. А вось вяночкі маглі надзяваць толькі дзяўчаты. Замужнія кабеты насілі хусткі. А для канцэртнага варыянта касцюма часцей выкарыстоўвалі намітку.

І саставам тканіны, і кроем канцэртны касцюм падобны на народны. Танцаваць у ім нялёгка. На сапраўдных вячорках, якія ладзіла васільеўская моладзь да сярэдзіны мінулага стагоддзя, цаніліся прыгожыя вобразы. Папулярнай была тая дзяўчына, на фартушку якой зіхацелі самыя яркія кветкі-вышыўкі. Сакавітыя фарбы ў вобразе дзяўчыны былі прыкметай дастатку. А мужчыны, каб выглядаць больш салідна ў вачах аднавяскоўцаў, мазалі бараду і вусны тлушчам. Так дэманстравалі багацце сям’і: нібыта толькі што аб’еліся салам.

Харэаграфічную залу ўстановы культуры на некалькі гадзін ператварылі ў «хватэру» – так у гэтай мясцовасці называліся дамы, дзе па чарзе праходзілі вячэрнія гулянні моладзі.

– Тут жа пасля рэвалюцыі чатыры калгасы былі, – успамінае Галіна Іванаўна. – У 1978 годзе, калі прыехала працаваць у васільеўскі клуб, у самадзейнасць хадзілі больш за 40 дарослых. Яны і навучылі мясцовым танцам. Пакуль не пабудавалі вясковы клуб, моладзь па хатах збіралася.

З цеплынёй суразмоўніца ўспамінае дзіцячую медсястру Вольгу Зелянкову, прыпевачніцу Лідзію Бардукову і яе «сачыненні»: «Я працую свінаркай, трактарыстам брат радной, як жа нам не ганарыцца: наш калхоз перадавой». Прыгадвае і найстарэйшую ўдзельніцу самадзейнага калектыву Усцінню Дзергачову. Днём жанчына даглядала каня – транспарт мясцовай медустановы, а вечерам ішла на рэпетыцыю ў шумавы аркестр і грала там на барабанах так, «што на абласных конкурсах узнагароды бралі». А яшчэ навучылі маладую культработніцу сваім танцам.

– Як некалі вучылася я, пачнём майстар-клас з базавых рухаў. У «польцы-бабачцы» сабраныя самыя лёгкія з іх – прыстаўны крок, трайны прытоп, прытоп з паваротам. З вывучэння гэтага танца пачынаюць самыя юныя ўдзельнікі ансамбля, – расказала майстар.

Гадзіна карагодаў па музычнай зале істотна ўзняла настрой. «Польку» змянілі «Карманчыкі», затым – «Базар». Вочы ў вочы з партнёрам, сінхронныя простыя рухі, хуткі тэмп і частыя абдымкі… Вось чаму так доўга трымаліся «вячоркі». Гэта сапраўды выдатная магчымасць для хлопцаў і дзяўчат пазнаёміцца надзвычай блізка. Прыклад таму – танец, які ў Васільеўцы называлі «Лысы», а ў іншых – «Калдыбен». З ім пазнаёміліся ў запісе. Калі папярэднія нашы харэаграфічныя экспромты былі, хутчэй, знаёмствам, то «Калдыбен» і «Заглядкі» падаліся сапраўдным праяўленнем пачуццяў са складанымі кампазіцыйнымі прыёмамі, танцам-прызнаннем у нечым большым, чым сяброўства.

У рэпертуары ансамбля народна-побытавага танца «Весялуха» – больш за 20 твораў. Мастацтва іх выканання асвойваюць і дзеці, і дарослыя. Пра іх поспехі расказвае сапраўдная галерэя славы ў калідоры ўстановы культуры. На фестывалі фальклорнага мастацтва «Берагіня» васільеўскія танцоры – пастаянныя прызёры.

Фота Яўгена УСЦІНАВА

Последние новости