В Добрушском районе подвели итоги конкурса самодельных кукол

  • 2019-03-18 11:43:25
  • Людмила ПИСКУНОВА

З травы, тканіны, нітак, драўляных пацерак і пластыліну… Пульхныя, мяккія, не падобныя адна на другую, яны захоўваюць энергетыку рук сваіх стваральнікаў. Падведзены вынікі раённага конкурсу на самую арыгінальную самаробную ляльку.
– Чым не беларуская Барбі? – дырэктар Крупецкага сельскага Дома культуры Ірына Лазоўская акуратна бярэ за тонкі стан “дзяўчыну” ў ярка-зялёным уборы. – Мы назвалі яе “Вясновая прыгажуня”.
Светлыя валасы, аздобленыя вяночкам, – з пражы, астатняе – у тэхніцы папяровая пластыка. Задумка і яе ўвасабленне – заслуга аўтараў. Старанне мясцовых школьніц Веранікі Дзіндзерынай і Алесі Сілява ацэнена Дыпломам першай ступені конкурсу “Беларуская прыгажуня”. Над арыгінальным аўтарскім рашэннем разам з юнымі майстрамі працавала і кіраўнік гуртка “Фантазёры” Ніна Мацюх.
Выдумкі і крэатыву, кажуць калегі, ёй не займаць. Пацвярджэнне – цудоўныя работы з разнастайных матэрыялаў. Вось вялізная жар-птушка ўзмахвае крыламі з танчэйшай папяроснай паперы, вось карціны з пяску і пластыліну… Гэта толькі частка рэалізаваных гурткоўцамі творчых ідэй.

 

 

З самаробных лялек, прадстаўленых на раённы агляд-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Беларуская прыгажуня”, можна скласці вялікі стракаты карагод. Кожная клубная ўстанова падтрымала ініцыятыву метадыстаў раённага Палаца культуры ў Год малой радзімы вярнуцца да сваіх вытокаў і, як гэта было калісьці, разам з дзецьмі зрабіць народныя цацкі.

Пераможцаў узнагародзілі на нядаўнім пасяджэнні савета аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. У іх ліку – Церахоўскі ГДК,Кругавец-Калінінскі, Усоха-Будскі, Крупецкі і іншыя сельскія Дамы культуры.

Не адчуваюць у іх недахопу і работнікі Церахоўскага гарадскога Дома культуры. Лялька гуртка “Майстрыхі” на раённым конкурсе таксама вызначылася. Сярод іншых, вырабленых дзецьмі.
– Праца заняла каля двух тыдняў, – расказвае кіраўнік гуртка Лідзія Бордак. – Мае памочніцы яшчэ маленькія, ім па шэсць-сем год. Таму не спяшаліся, каб работа атрымалася акуратнай.
Неабходныя матэрыялы адшукалі ў бабуліных куфэрках. Стужку з арнаментам для какошніка, напрыклад, Лідзія Мікалаеўна “пазычыла” са старой кашулі. Узоры на ручніку і фартушок дзяўчынкі вышылі самі. Мініяцюрны хлеб-соль звязалі з нітак. Самы “каштоўны” элемент самаробнай лялькі – чырвоная спадніца са старадаўняй тканіны. Уздзета яна на каркас, выраблены са спецыяльных раслін для венікаў.
– Імкнуліся надаць нашай прыгажуні святочны выгляд, – кажа Лідзія Бордак.
– Калі б ёй яшчэ блакітныя вочы, – заўважаем.
Аказалася, усе народныя лялькі – абрадавыя, гульнявыя ці абярэгі – безаблічныя, каб не маглі сурочыць дзіця. Іх сакральнае значэнне Лідзія Бордак вывучала з вялікай цікавасцю. Наведвала майстар-класы. Адкрыўшы для сябе захапляльны свет дэталяў, не змагла ад яго адарвацца. Пачынала з маленькіх лялек-абярэгаў. Асабліва падабаюцца людзям, заўважае аўтарка, лялькі-неразлучніцы, што сімвалізуюць моцнае каханне. “Ураджайніца”, “траўніца”, “карміліца” – назвы празрыста кажуць аб прызначэнні лялек. Да слова, спосаб іх вырабу – асаблівы: без нажніц і іголкі. Шматкі з тканіны адрываюць рукамі, спалучаюць іх звязваннем нітак.
– Магія нейкая!
– Можа, і не магія, аднак знаёмыя прасілі падарыць ім такую ляльку, каб хутчэй унук з’явіўся, – расказвае майстар. – А зробленую гурткоўцамі ляльку-падарожніцу кіраўнік установы культуры заўсёды трымае ў салоне свайго аўтамабіля.
Людміла НАЗАРАВА
Фота Яўгена УСЦІНАВА

Последние новости