Певица D.JAZA поделилась планами с "Добрушскiм краем"

  • 2019-02-06 04:10:56
  • Сергей ЧАЙДАК

Выпускніца сталічнага музычнага каледжа  Дар’я Ксенафонтава не раз выступала на цэнтральнай плошчы Добруша ў час правядзення святочных мерапрыемстваў. Аднак найбольшую папулярнасць набыла ў мінулым годзе, калі стала адной з прэтэндэнтак на ўдзел у конкурсе “Еўрабачанне” ад Беларусі. Ды і сёлета яе псеўданім трывала замацаваўся ў дзясятцы лепшых выканаўцаў штотыднёвага музычнага хіт-параду “BY TOP 10”.

Ці будзе яна зноў спрабаваць выйсці на еўрапейскую сцэну, і якія бліжэйшыя планы ў спявачкі D.JAZA? На гэтыя і іншыя пытанні Дар’я адказала карэспандэнту “ДК”.

– Расіянка па пашпарце, мінчанка па месцы пражывання, ты прапагандуеш беларускую мову…

– Па пашпарце я і зараз – грамадзянка Расіі. Аднак нікуды пераязджаць не збіраюся, бо лічу Беларусь сваім домам. У краіне жыву з двухгадовага ўзросту. Што тычыцца мовы, то яшчэ ў школе магла адмовіцца ад яе вывучэння. Бацькі палічылі гэта няправільным. І сёння я ўдзячна ім за гэта.

Сваімі песнямі хачу разбіць стэрэатып, што якасная музыка можа быць толькі ў Амерыцы і толькі на англійскай мове. Шмат музычных гуртоў спяваюць па-беларуску. Я – не выключэнне.

–  Стылі electronic, chill out, soul, pop, у якіх спявае D.JAZA, – не эстрадны фармат. Дзе можна паслухаць песні?

– Выступаем на многіх фестывалях. Такіх, напрыклад, як “Вуліца Ежа”, “Электралета”,  экафестываль “Пастэрнак”.

Мелі поспех і на тэлеканале “Беларусь – 2”, дзе прынялі ўдзел у шоу “Сыграй мяне, калі здолееш”.  Сёлета здымаліся ў другой частцы тэлешоу. Хутка яно выйдзе на экран. Шмат прыхільнікаў беларускіх песень знайшлося і ў сацыяльных сетках. Удзячнасць праз Інтэрнет выказваюць украінцы, расіяне.

– Адбор на “Еўрабачанне” – спроба сіл?

– Не зусім так. Усё атрымалася спантанна. Толькі запісалі альбом, а сябры-музыканты сталі прапаноўваць: Даша, паспрабуй выйсці з песняй “Спытай”. Адправіла запіс на рэгістрацыю і стала адной з удзельніц адборачнага тура.

Перамагчы ў ім і не марыла. Разумела: песня “Спытай” – не фармат “Еўрабачання”, да таго ж, напісана на беларускай мове. Але дзякуючы конкурсу пазнаёмілася з музыкантамі, з многімі сябрую і сёння.

У сёлетнім адборы ўдзельнічаць не буду. Працую над новым праектам. Днямі выпусціла ўласны кліп, пішу новыя кампазіцыі. Работы хапае. Таму вымушана была пакінуць і афіцыйную пасаду  педагога па вакале ў акадэміі мюзікла “РЭВЮ”. Шкада, што так атрымалася, але я ўдзячна кіраўніцтву і педагагічнаму калектыву акадэміі за першы пасля каледжа атрыманы вопыт.

D.JAZA – гэта канкрэтная спявачка ці ўсё ж такі калектыў?

– Лічу яго уласным псеўданімам. На выступленні для агучкі запрашаю знаёмых музыкантаў. На пастаяннай аснове працую з гітарыстам Арцёмам Фрэйдзіным. Ён дапамагае з аранжыроўкамі кампазіцый, падказвае дзе і што патрэбна змяніць.

– Якія асацыяцыі ў цябе выклікае Добруш?

– Першыя настаўнікі, сябры, спробы выступаць на сцэне. Адсочваю сваю аўдыторыю пры абвяшчэнні конкурсаў і прыемна здзіўляюся, калі лайкі ставяць дабрушане. Дзякуючы і іх падтрымцы часта займаю прызавыя радкі хітпарада.

Добруш зараз наведваю рэдка. У асноўным – каб сустрэцца з бацькамі.

Гутарку вёў Сяргей ЧАЙДАК

Фота прадастаўлена Дар’яй КСЕНАФОНТАВАЙ

Последние новости