Як выглядаюць на снезе сляды труса? Што такое мукасол і з чым яго ядуць? І як зрабіць танную ды зручную для птушак кармушку? Адказы на гэтыя пытанні вы знойдзеце, завітаўшы ў снежні ў раённы краязнаўчы музей.
Як расказала дырэктар установы Аляксандра Шпакава, з сярэдзіны месяца яны запрашаюць маленькіх і дарослых наведвальнікаў на этна-лекцыі, майстар-класы, тэматычную выставу.
– Мы пастараліся максімальна насыціць гэтую казачную пару карысным і цікавым, – кажа суразмоўніца. – Адкрые шэраг пераднавагодніх імпрэз мастацкая выстава «Абліччы зімы». Марознымі пейзажамі ад беларускіх мастакоў, выкананымі алеем, хочам задаць атмасферу цеплыні і адчування неверагоднага. З такімі ж ідэямі працуем над фотазонай у стылі рэтра. Сёлета памятныя здымкі нашы госці змогуць зрабіць у інтэр'еры савецкай кватэры, што ўпрыгожана дарагімі сэрцу гірляндамі з паперы ды ёлачнымі цацкамі.
Запрашаюць дабрушан і на занятак «Тайны беларускага лесу», і на займальныя майстар-класы. Усім жадаючым музейшчыкі прапануюць зляпіць з мукасола, салёнага цеста, святочныя сувеніры. А яшчэ цікаўныя змогуць паспрабаваць сілы ў стварэнні кармушак для птушак.
І традыцыйна добрушскія захавальнікі рэдкасцяў не забываюць дзяліцца з жыхарамі раёна спадчынай продкаў. Менавіта святочнымі рытуаламі будзе насычана этна-сустрэча
27 снежня.