В Добруше концерты проходят под окнами домов ветеранов

  • 2021-05-07 15:40:00
  • Сергей ЧАЙДАК

Вуліца Мінская, 48. На фасадзе – шыльда з надпісам «Тут жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны». Пераблытаць адрас немагчыма. Сіні мікрааўтобус аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі спыняецца за два дамы да падворка Сяргея Адзіночанкі. Артысты раённага Палаца культуры, апранутыя ў ваенную форму, пешшу працягваюць шлях і выстройваюцца насупраць форткі. І на ўсю вуліцу гучыць «Дзень Перамогі».

{"preview_thumbnail":"/sites/default/files/styles/video_embed_wysiwyg_preview/public/video_thumbnails/2CRa8CC8nHM.jpg?itok=zma5kTxK","video_url":"https://www.youtube.com/watch?v=2CRa8CC8nHM&feature=youtu.be","settings":{"responsive":1,"width":"854","height":"480","autoplay":1},"settings_summary":["Embedded Video (Адаптивный, autoplaying)."]}

Праз хвіліну выходзіць і сам ветэран. Мяркуючы па ўсмешцы на яго твары, сюрпрыз атрымаўся.

– Цікавіўся вашай біяграфіяй, – звярнуўся да Віктара Адзіночанкі старшыня райвыканкама Дзмітрый Козел. – Такія цяжкія выпрабаванні выпадаюць не кожнаму. Дай Бог яшчэ не раз віншаваць вас такім чынам з надыходзячым святам.

Падарункі ад раённай улады, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання, арганізацыі «Белая Русь» ветэран адстаўляе ўбок і з цікавасцю паглядае на артыстаў. І тыя яго не расчароўваюць: «Кацюша», «Смуглянка»… Віктар Адзіночанка падхоплівае кожны куплет. І толькі ў адрас баяніста жартоўна пагражае пальцам. Маўляў, я б гучней іграў…

Ураджэнец Ігаўкі пасля пераезду ў райцэнтр працаваў на будаўнічым прадпрыемстве і славіўся ў калектыве сваёй весялосцю, уменнем іграць на гармоніку, балалайцы. Тады мала хто ведаў аб яго ваенным мінулым. Не прынята было ў савецкія гады хваліцца подзвігамі.

– У армію пайшоў дабравольцам на другі дзень пасля вызвалення раёна ад фашыстаў, – расказвае ветэран. – Пасля непрацяглай вучобы зноў апынуўся на малой радзіме. Удзельнічаў у бітве за Днепр.

У адным з баёў дабрушаніна ад смерці выратаваў толькі цуд. Адпоўз ад кулямёта за патронамі, і ў гэты момант у акоп трапіла міна. Першы і другі нумар загінулі. Ён быў вымушаны працягваць бой у адзіноце.

Франтавымі дарогамі Сяргей Фядосавіч прайшоў Украіну, Беларусь, Польшчу. У жніўні 1944 года за адвагу быў адзначаны ордэнам Славы. У наградным лісце коратка паведамлялася: першым уварваўся ў населены пункт, кулямётным агнём адбіў атаку праціўніка. Калі кулямёт пашкодзіла асколкам, працягваў адстрэльвацца з вінтоўкі. У тым баі ён быў паранены, аднак застаўся ў страі.

– Самае жахлівае – бачыць смерць таварышаў, – прызнаецца ветэран. – У першым баі страціў двух, пазней, калі бралі «языка», яшчэ некалькіх…

У сакавіку Сяргею Фядосавічу споўнілася 97 год. Нягледзячы на ўзрост ён не мяняе сваіх звычак. І ў Дзень Перамогі абавязкова прыедзе да мемарыяльнага комплексу «Памяць», каб ускласці кветкі да помніка.

Фота Яўгена УСЦІНАВА

Последние новости