Семья Приваловых, проживающая на улице Власенко в Добруше, считает своим долгом чтить память героя-земляка

  • 2019-02-26 12:24:38
  • Людмила ПИСКУНОВА

Калі ў Добрушы з’явілася вуліца імя Іллі Уласенкі, яе сённяшнія жыхары дакладна не ведаюць. Але памяць аб адным з 11 Герояў Савецкага Саюза, ураджэнцаў нашага раёна, тут шануюць і захоўваюць.
– Мае веды пра баявы шлях палкоўніка, які прайшоў Вялікую Айчынную з першага да апошняга дзён, даволі сціплыя, – заўважае ветэран Паўночнага Флоту, былы марак-падводнік Аляксандр Прывалаў. – У Чырвонай Арміі ён быў выдатным палітруком, мабілізоўваў воінаў на паспяховае выкананне баявых задач і асабістым прыкладам натхняў салдат у баях.
Тое, што менавіта на доме № 49, дзе жывуць Прывалавы, у кастрычніку мінулага года была ўстаноўлена памятная дошка з выявай медаля “Залатая Зорка” і кароткімі біяграфічнымі звесткамі аб Іллі Уласенку, гаспадары лічаць высокім гонарам.
– Мармур не баіцца ні сонца, ні вільгаці, але за стан шыльды ўсё ж хвалююся, – дзеліцца гаспадыня Людміла Прывалава. – Рэгулярна праціраю яе, каб блішчала.
З выбарам месца для дошкі сапраўды не памыліліся – робім вывад, агледзеўшы тэрыторыю домаўладання. Па ўсім бачна: людзі тут жывуць руплівыя і працавітыя. Белы сайдынг на франтоне невялікага будынка быццам толькі што вымыты. Парадак і ў двары.

Званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка” гвардыі палкоўніку Уласенку Іллі Архіпавічу прысвоена 17 кастрычніка 1943 года за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры фарсіраванні Дняпра і ўтрыманні плацдарма ў раёне Лоева.

– У нас так заўсёды, – кажа гаспадыня. – Муж за парадкам і зараз строга сочыць. Я гэта толькі вітаю. Прывыкла да чысціні, калі працавала медсястрой у хірургічным аддзяленні бальніцы.
Да ваенных падзей у гэтай сям’і ставяцца з павагай. Бацька Аляксандра Прывалава вярнуўся з фронту дадому. Абодва дзядулі Людмілы, на жаль, загінулі. Месца пахавання аднаго з іх стала вядома толькі нядаўна. Паездку ў Лоеў Прывалавы плануюць да Дня Перамогі.
– 75 год вызвалення Беларусі – найважнейшая дата ў гісторыі краіны, – лічаць суразмоўцы. – Дзякуючы тым, хто прынёс на нашу зямлю незалежнасць, мы і нашы дзеці не ведаем, што такое голад, разбурэнне, свіст куляў…
Людміла НАЗАРАВА
На здымку: Аляксандр і Людміла Прывалавы каля памятнай дошкі.
Фота Яўгена УСЦІНАВА

Последние новости