Бывший узник концлагеря "Озаричи" Федор Доманцевич вспоминает о пережитых ужасах войны

  • 2019-04-02 16:02:18
  • Леонид ДУБОВСКИЙ

З рухавым не па гадах чалавекам карэспандэнты “ДК” сустрэліся ў яго невялікім доме на вуліцы Баумана ў Добрушы. Пра падзеі ваеннага часу Фёдар Максімавіч успамінае неахвотна. Кажа: цяжка зноў перажываць усё, што здарылася з ім і яго сям’ёй.
– Раз на некалькі дзён фашысты кідалі тое, што цяжка назваць хлебам, у нашы галовы, – расказвае непаўнагадовы вязень канц-лагера “Азарычы” дабрушанін Фёдар Даманцэвіч. – Галодныя і знясіленыя вязні лавілі той хлеб. Атрымалася – будзеш некаторы час жыць. Калі не, справа дрэнная. Мяне, 9-ці гадовага хлопчыка, старэйшыя не крыўдзілі. У бацькі ж, які рухаўся на мыліцах, хлеб часта забіралі больш маладыя і дужыя.  Не паверыце, але гэты сон не даваў мне спакою і ў пасляваенныя гады.
Рэтраспектыва
У 1944 годзе, каб спыніць наступленне, немцы вырашылі стварыць на ўсходняй мяжы Беларусі лагер смерці. Па задумцы фашыстаў, у ім павінны былі масава паміраць мірныя жыхары, каб смяротныя эпідэміі спынілі рух савецкіх воінаў, якія ішлі ў наступленне.
За сувязь з партызанамі
Родам Фёдар Максімавіч з вёскі Стрэйкі Рагачоўскага раёна.
– Наша сям’я ў гады вайны была звязана з сіламі супраціўлення, – расказвае суразмоўца. – Старэйшы брат партызаніў. Нехта данёс немцам. Да брата фашысты дабрацца не змаглі. А старэйшую сястру адправілі на работы ў Германію. Бацьку, маці, мяне і 3-гадовага брата Міхаіла –  у канц-лагер “Азарычы”.
– На тэрыторыі лагера не было ніякіх пабудоў, – дзеліцца ўспамінамі Фёдар Даманцэвіч. – Вязні знаходзіліся пад адкрытым небам. Калючы дрот – вакол у 5-6 радоў. Таму масава паміралі ад холаду, голаду і хвароб. Людзі здымалі вопратку з памёрлых, каб выратаваць сябе і сваіх дзяцей. Памятаю, наша сям’я размясцілася каля дрэва. Бацька трымаўся за абгрызеную людзьмі алешыну, маці – за бацьку, я – за яе. Холад, голад і страх смерці – усё, што захавала мая дзіцячая памяць.  Кожны дзень там, дзе сядзелі і стаялі людзі, станавілася ўсё больш грудкоў, прысыпаных снегам. Гэта былі целы памёрлых. Праз некалькі месяцаў іх стала шмат. Нельга было нават прайсці. Даводзілася пераступаць праз замерзлых у снезе людзей...
Вызваленне
 Сям’я Даманцэвічаў не адна зведала жахі “Азарычаў”. Большасць землякоў дадому не вярнулася. Не выжыў і малодшы брат Міхаіл.
Фёдар Максімавіч не памятае падрабязнасцяў вызвалення вязняў. У памяці застаўся толькі прыгожы твар апранутай у вайсковую форму медыцынскай сястры і некалькі лыжак салдацкага супу. На вуліцы ў той дзень свяціла веснавое сонейка і спявалі птушкі.

Леанід ДУБОЎСКІ
Фота Яўгена УСЦІНАВА

Последние новости