Яндекс.Метрика

У раённым краязнаўчым музеі распрацавалі гульню, якая дапамагае расшырыць веды па гісторыі Добруша і агульную эрудыцыю

  • 2024-11-03 17:00:00

Перакласці экскурсійны маршрут у займальны квест даверылі навуковаму супрацоўніку Багдану Крывянкову.

– Напэўна, многія ў дзяцінстве любілі з сябрамі гуляць у настольныя «хадзілкі»? – цікавіцца суразмоўнік. – Вось і мне так падабалася праводзіць вольны час. Таму і вырашыў: дзеці лепей запомняць інфармацыю, калі яе падаць у інтэрактыўнай форме.

А вось і першыя, хто паспрабуе выканаць музейныя заданні. У фае ўстановы адразу становіцца шумна, калі туды заходзіць група дзяцей і некалькі настаўнікаў. Пакуль школьнікі распранаюцца і аглядаюць бліжэйшыя вітрыны, да Багдана Крывянкова падыходзіць адна з суправаджаючых.

– Мы з першай школы, – тлумачыць яна. – 3 «А» клас. На экскурсію. Пакуль мае «птушаняты» вольныя, хачу паказаць ім яшчэ больш цікавых экспанатаў. Так, мы ў музеі ўжо былі. Але кожная зала – гэта асабістая прычына прыйсці сюды зноў.

Супрацоўнік музея згодна ківае галавой і прапаноўвае акрамя знаёмства з экспазіцыямі паспрабаваць і новы квест.

– Будзем-будзем! – с усмешкамі згаджаюцца маленькія дабрушане. – А можна з яго і пачаць?

Ну як тут адкажаш? Вось і Багдан Крывянкоў не змог. Спецыяліст выносіць невялічкі столік, гульнявое поле, карткі і кубік з фішкамі. Пасля тлумачыць правілы. І пачынаецца… Пераходзячы ад аднаго пункта да другога, наведвальнікі ўспамінаюць імёны знакамітых землякоў, назвы населеных пунктаў Добрушчыны, цікавыя даты і звесткі аб малой радзіме. Фінальны рух фішкай – і перамога!

– Усе б урокі гісторыі былі настолькі займальнымі, – перагаворваюцца шчаслівыя дзеці. – А яшчэ раз калі-небудзь сыграем?

– Вядома ж! – запэўнівае трэцякласнікаў Багдан Крывянкоў. – Плануем з цягам часу дадаваць у гульню новыя заданні. Абавязкова карысныя, каб і на ўроках вам гэтыя веды спатрэбіліся.

Последние новости