Нагода – прыемная вестка, якой падзялілася кіраўнік арганізацыі Аксана Падвальнікава. Яна расказала, што справы ў калектыве ідуць добра, для наведвальнікаў завезлі навагодні тавар, людзі – у чаканні святаў.
З кожным днём растуць і лічбы падпісчыкаў перыядычных выданняў на наступны год. Аўтарытэтам і папулярнасцю ў вяскоўцаў карыстаецца «Добрушскі край».
– Пастаянным чытачам раённай газеты не трэба і нагадваць, яны загадзя афармляюць падпіску, многія – адразу на максімальны перыяд, – адзначае суразмоўніца. – Добра, што для пенсіянераў рэдакцыя зрабіла цану больш таннай. Прыемна, што традыцыю праводзіць акцыі для падпісчыкаў захавалі: людзі цэняць праяўленне павагі да іх.
Дарэчы, увагай з боку работнікаў сувязі мясцовыя жыхары на абдзелены. Да вяскоўцаў сталага ўзросту паштальён завітае дадому, прынясе свежую прэсу, пенсію, прыме розныя плацяжы, даставіць па заказе прадукты харчавання і іншае. Пры гэтым не забудзе пацікавіцца здароўем, пры неабходнасці прапануе дапамогу.
– Жыву тут усяго 10 год, – расказвае Аксана Падвальнікава. – Пераехала з Буда-Кашалёва. І адразу ж адчула сябе як дома, знайшла справу па душы. Мне падабаецца мая работа, аднавяскоўцы чулыя, таму і хочацца рабіць іх жыццё больш зручным і радасным.
А мы задаволена ўсміхнуліся, калі ў нашай прысутнасці некалькі жыхароў вёскі аформілі падпіску на «Добрушскі край» і падзякавалі за цікавую газету.