Мядовы Спас пчаляр з Васільеўкі сустракае з усмешкай і новым ураджаем

  • 2024-08-14 09:33:12
  • Ольга ГЛЫЗИНА

Аляксандр Казлоў сёння прыехаў у Добруш з дзясяткамі слоікаў. Унутры, усміхаецца мужчына, самы смачны пачастунак і натуральныя лекі.

– Займаюся мёдам 20 гадоў, – расказвае аб захапленні сяльчанін. – Пах прадукту мне падабаецца. Пчол не баюся. Чую, як нашы маленькія працаўніцы гудуць, і ведаю: скора трэба праверыць вуллі.

Свежыя літры мядку першымі ў сям’і Казловых каштуюць жонка Ірына і сын Арцём. Суразмоўнік падкрэслівае: талерачка з салодкім ласункам на іх абедзенным стале ніколі не пустуе.

У жоўценькіх, як дзьмухавец, вуллях васільеўскай пасекі жывуць 20 пчоласямей. Ці вялікі за імі патрэбен догляд, цікавімся ў Аляксандра Іванавіча.

– Пчалярская навука няпростая, – падкрэслівае суразмоўнік. – Тут трэба ведаць і догляд за насякомымі, і ўмець правільна збіраць мёд, пяргу, праполіс ды іншыя пчолапрадукты. Але праца пчаляра настолькі займальная, што дастаўляе не складанасці, а задавальненне.

Сёлета Аляксандр Казлоў прапануе дабрушанам пакаштаваць разнатраўе. Гаворыць, што такі від кожны раз здзіўляе новымі адценнямі смаку і колеру.

Для сям’і пчаляра чаяванне на Мядовы Спас – добрая традыцыя, якую і сёння не плануюць парушаць.

– Будзем новым мёдам частавацца і суседзям пакаштаваць прапануем, – гаворыць жыхар аграгарадка Васільеўка. – Бо ў святы трэба дарыць людзям дабро і пазітыў.

Последние новости