…І сёння ў жыцці Ігара Захарука нямала азартных момантаў і абавязковых правілаў. Усё так жа ветэран органаў унутраных спраў клапоціцца аб бяспецы і камфорце тых, хто побач. Як тады, калі дабрушанін штодзень апранаў міліцэйскую форму і заступаў на змену ў аддзяленне ДАІ.
– Я адпрацаваў у міліцыі дваццаць гадоў, – агучвае асабісты стаж суразмоўнік. – Гэта быў цікавы час. Дзяжурылі на дарогах раёна і днём, і ноччу. І гэта не метафара. На самой справе «хадзілі» ў начныя рэйды. Усё дзеля таго, каб і вадзіцелі, і пешаходы не забывалі, што правілы парушаць недапушчальна.
Вядома ж, калі цябе спыняе інспектар і просіць прад’явіць дакументы ці адкрыць багажнік, многія абураюцца: «Марнуем час! Я нічога не раблю такога». Але Ігар Захарук і яго вопыт гавораць: Правілы дарожнага руху напісаны сотнямі аварый і лятальнымі вынікамі.
– На якіх выпадках было маральна цяжэй? На тых, дзе ахвярамі станавіліся дзеці, – гледзячы сур’ёзнымі вачыма, гаворыць яшчэ хвіліну назад усмешлівы суразмоўнік. – Быў у нас у Жгуні падобны выпадак. Вярталіся маці з малым з дзіцячага садка. Іх збіла машына. І, не спыняючыся, вадзіцель рушыў далей. На асфальце разлівалася кроў пяцігадовага дзіцяці, а ён знік. Толькі шкляная крошка ад разбітай фары засталася. Дык мы амаль тры дні не спалі. І шукалі, шукалі, шукалі. Па рэштках вылічылі марку аўтамабіля, потым колер і ўрэшце выйшлі на ўладальніка. Аказалася, гэта жыхар Перароста п’яны вяртаўся дадому і «не ўбачыў» пешаходаў. Малы загінуў.
Не адну і не дзве пагоні за п’янымі аўтамабілістамі ўспомніў Ігар Міхайлавіч. Як сёння памятае мужчына, як сэрца выскоквала з грудзей, і голас напарніка: «Ад нас не ўцячэ!». Супрацоўнікі ДАІ адразу прафесійным вокам вылучылі з патоку машын «асаблівую». Папрасілі спыніцца. А чалавек за рулём ні ў якім разе гэтага рабіць не захацеў. Нават калі інспектары пробліскавыя маячкі і гукавую сірэну ўключылі, пачалі «заганяць» парушальніка. Аж да Крупца з Ігаўкі даехалі. А рэльеф мясцовасці там круты, няроўны, ён у яр і «нырнуў».
– Думалі, шыю сабе зверне, а аказалася – цэлы. Толькі п’яны вельмі. Як і пасажыр на заднім сядзенні, – распавядае Ігар Захарук. – Спачатку нават думалі, што не спыняўся, бо труп вёз. А аказалася – соннага сабутэльніка.
Каго толькі за два дзясяткі гадоў на дарозе дабрушанін ні сустракаў, пасміхаецца ён. Магі і шаманы, апазіцыянеры з экрана тэлевізара і першыя асобы з прыгранічных расійскіх рэгіёнаў... Нават выпісваў аднойчы кандыдату матэматычных навук штраф за перабольшванне хуткаснага рэжыму. Праўда, навуковец толькі тады згадзіўся з рашэннем міліцыянераў, калі паўторна вылічыў паказчыкі, што свяціліся на дысплэі спецпрыбора.
З 2014 года капітан міліцыі Іван Міхайлавіч Захарук павесіў форму з пагонамі ў шафу. І пераапрануўся ў спартыўны касцюм. Працаваў у фізкультурна-спартыўным клубе «Ураджай», а цяпер дапамагае функцыянаваць галоўнаму стадыёну Добрушчыны «Юнацтва».
– Вы ведалі, што 10 лістапада мы, ветэраны органаў унутраных спраў, адзначаем сваё свята? – спытаў газетчыкаў суразмоўнік. – Раней гэта быў Дзень савецкай міліцыі. Традыцыя засталася. Увогуле, мне пашанцавала з тымі, для каго гэтая дата таксама асаблівая. Калектыў наш быў дружны. Не толькі работалі разам, а і святкавалі сем’ямі. Зараз таксама са многімі сябрую, цікаўлюся справамі ў аддзеле. Заўсёды выконваю Правілы дарожнага руху, здаецца, гэта ўжо на падкорцы. А яшчэ жадаю знаёмым вадзіцелям добрай дарогі! Лішнім не будзе.