Яндекс.Метрика

Работнік сельгаспрадпрыемства «Уцеўскае» здымае сваю работу ў полі і збірае тысячы лайкаў за патрыятычны кантэнт

  • 2024-08-04 15:46:26
  • Ольга ГЛЫЗИНА

Яўген Ракаў – аграрый нетыповы. Пачынаючы ад… колеру трактара. Яго зялёнага «коніка» ледзь заўважылі за густым морам люцэрны.

– Захацеў зрабіць для трактара цікавы дызайн. І тут жа прыйшло на думку, што трэба ў зялёны пафарбаваць. Гэта ж адзін з колераў айчыннага сцяга. Патрыятычна ды прыгожа выйшла, я так лічу, – паказвае рабочую машыну суразмоўнік. – А кабіна трактара для механізатара – гэта і кабінет, і асабістая прастора. Дзякуй беларускім вытворцам, на камфорт не паскупіліся: крэсла зручнае, кандыцыянер рэгулюе тэмпературу да прыемнага ўзроўню. Усё прадумана для чалавека.

Але, каб весялей было «бегаць» па палетках, Яўген заўсёды бярэ з сабой у поле дзве рэчы: тэрмакубак і партатыўную калонку. Пад песні любімых беларускіх выканаўцаў, кажа, і працаваць весялей.

Дарэчы, у гэтыя дні сяльчанін заняты на падрыхтоўцы глебы пад сяўбу рапсу. Заданне на дзень – 27 гектараў. Жніво, вядома ж, сёння тэма нумар адзін у аграсферы. Але і ворыва ўпускаць нельга, падкрэслівае суразмоўнік.

– У гаспадарцы працую год, таму яшчэ «абкатваю» мясцовыя землі, вывучаю асаблівасці ўчасткаў, – удакладняе Яўген Ракаў. – На тым, дзе мы стаім, напрыклад, яшчэ два тыдні таму каласілася жыта. Глеба тут неаднародная, у адным месцы трэба плугі заглыбіць. У іншым – праехаць павольней, бо нізіна, паверхня гразкая. Вось такія займальныя моманты і здымаю для свайго цікток-акаунта.

Блог аб рабоце на зямлі механізатар «Уцеўскага» распачаў дзевяць месяцаў таму. Мэты стаць вядомым і багатым стваральнікам відэа не ставіў, ды і магіі мантажу і здымак вучыўся самастойна. Таму першыя яго ролікі былі хутчэй для сябе і знаёмых. Але, як аказалася, вясковая тэма людзей цікавіць. Скетч пра тое, як трактарыст кліча таварышаў, каб дапамаглі выцягнуць трактар з глею, ды яшчэ і голасам савецкага акцёра, спадабаўся больш як шасці тысячам карыстальнікаў сацсеткі.

– Днём здымаю, вечарамі ствараю, – пасміхаецца ўцяўлянін. – І сын дапамагае. Вось Сцяпан дакладна будзе трактарыстам. Так яму падабаецца бываць на свежым паветры, сядзець у кабіне, гля­дзець навокал з трохметровай вышыні.

Пытаем, можа сын і сняданак у поле прыносіць? Непатрэбна, смяецца мужчына. Механізатар, як і яго калегі, забяспечаны гарачым харчаваннем ад гаспадаркі. Меню сытнае. Сёння, напрыклад, Яўген са смакам «заправіўся» супам з грэчкай, пажыўным «другім» ды іншымі ласункамі.

– Усё ідзе сваім парадкам, – гледзячы на буслоў, што маршыруюць па разоры, разважае аграрый. – Ворыва скончыцца, на адвозку пайду, потым – на сяўбу кукурузы. Кожная справа цікава па-свойму. Таму тэм для новых ролікаў у мяне яшчэ многа.

Последние новости