Праект, прымеркаваны да Года гістарычнай памяці, працягваецца

Опубликовано пн, 11/04/2022 года - 09:00
Автор статьи

Раённы краязнаўчы музей – адна з самых папулярных і вядомых славутасцей Добруша. Але ці ведаеце вы, якія ўстановы раней дзейнічалі ў сценах скарбніцы рарытэтаў? Чыя ініцыятыва стала нагодай для ўзвядзення будынка? У такім разе запрашаем на экскурс у мінулае…

Школа для дзяцей фабрычных работнікаў існавала пры Добрушскай пісчапапяровай фабрыцы з 70-х гадоў ХIХ стагоддзя і займала першае месца па колькасці вучняў сярод школ пісчапапяровых фабрык Расіі. Спачатку яна размяшчалася ў народным вучылішчы сяла Добруш. А з 1885 года – у асобным будынку, які складаўся з двух пакояў, падзеленых калідорам, і мела правы царкоўна-прыходскай школы з агульнаадукацыйнай праграмай.

У 1909 годзе, пасля пажару, на сродкі княгіні Ірыны Іванаўны Паскевіч быў узведзены новы цагляны будынак. З гэтага часу ў дакументах ён пачынае фігурыраваць не як вучылішча, а як школа, што ўтрымліваецца за сродкі Ірыны Паскевіч. У 1910 годзе пры школе былі адкрыты рамесныя класы імя імператара Аляксандра II, для якіх было пабудавана асобнае памяшканне.

– Будынак школы аднапавярховы цагляны, тыповы ўзор пабудовы грамадскага прызначэння пачатку ХХ стагоддзя, – гаворыць галоўны захавальнік музея Наталля Доля. – Нягледзячы на аддаленасць ад фабрыкі і больш позні перыяд узвядзення, у архітэктуры прасочваюцца рысы, якія аб’ядноўваюць яго з іншымі будынкамі комплексу. Верагодней за ўсё, архітэктарам мог быць Станіслаў Данілавіч Шабунеўскі. Ён працяглы час працаваў архітэктарам Гомеля і выконваў асабістыя загады княгіні.

Доўгія гады тут размяшчаліся розныя ўстановы: школа №4, музычная школа, аддзел адукацыі, цэнтр дзіцячай творчасці, раённы краязнаўчы музей.

У 2002 годзе пачынаюцца работы па рэстаўрацыі і рэканструкцыі старажытнага будынка. Адначасова супрацоўнікамі музея вядзецца работа па розных напрамках музейнай дзейнасці.

У 2007 годзе пры ўдзеле групы дэпутатаў пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь на чале са старшынёй Уладзімірам Здановічам адбываецца ўрачыстае адкрыццё музея.

Фота Яўгена УСЦІНАВА і з архіва музея