Накануне 9 мая журналисты «ДК» выяснили: какое место День Победы занимает в сердцах горожан

Опубликовано пт, 06/05/2022 года - 15:30
Автор статьи

Аляксандр МІНКОЎ, пенсіянер:

– Для мяне гэта нагода вярнуцца думкамі ў маладосць. Дзед, матчын бацька, Мікалай Якімцоў, загінуў на Курскай Дузе. Снайпер, якога баяліся фашысты, для сям’і быў сапраўднай апорай і падтрымкай.

Кожны раз, калі пачыналі квітнець сады, а ў неба ўзляталі салюты, бабуля брала нас за рукі і вяла да брацкай магілы ў роднай Мікалаеўцы. Пахаваны дзядуля не там, у Расіі. Але бабуля заўжды казала, што ў гэты дзень хоча быць побач з салдатамі і такімі ж удовамі, як сама. Паплача ціхенька пад гукі франтавых песень, потым вяртаецца дадому і пачынае ўспамінаць…

Гэта мая гісторыя, гісторыя маёй радзімы.

Станіслаў і Ганна СЯРГЕЕВЫ, маладыя бацькі:

– У лістападзе мінулага года не стала дабрушаніна-ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Валянціна Уласенкі. Страта для раёна, а мне – уласны боль (гаворыць Ганна). Дзядуля. На яго ўспамінах я вырасла. Яго гісторыі сталі прыкладам мужнасці, цярпення, працавітасці і жыццялюбства.

Вядома, 9 мая па-ранейшаму святкуюць як адну з самых трыўмфальных дат айчыннай гісторыі. Але для пакалення дзядулі, а цяпер і для мяне, Дзень Перамогі афарбаваны смуткам па ахвярах, па яго таварышах.

Сыну Яну, хаця яму ўсяго два гады, паказваем здымкі прадзеда. Ланцужок памяці не павінен перарвацца.

Любоў ШУЛЬГА, пенсіянерка:

– Наша пакаленне ўспрымае 9 Мая як свята. Пераломны момант, які гаворыць усяму свету – савецкі чалавек знішчыў фашызм. Для мяне ветэраны – гэта суседзі, калегі, родныя. Не было раней чалавека, які б стаяў у баку ад Вялікай Перамогі.

Герой Савецкага Саюза Павел Мажэйка жыў побач. Як піянерважатая, я часта запрашала легендарнага земляка да нас, у школу нумар 5. І не толькі на святкаванне перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У пяцідзясятыя, шасцідзясятыя, сямідзясятыя былыя салдаты і афіцэры былі жаданымі гасцямі на любое свята. Аб подзвігах дабрушан-франтавікоў, партызанаў гаварылі і на ўроках, і дома ў коле сям’і. Ганаруся тым, што цяпер мае ўнукі ўдзельнічаюць у святкаваннях, праслаўляючы гераічных продкаў.

Фота Яўгена УСЦІНАВА