Андрэй МУХІН, кантралёр кантрольна-прапускнога пункта, Добруш:
– Жыву ў райцэнтры, у мікрараёне фарфоравага завода. Таму хацелася б, каб да ладу прывялі тэрыторыі вакол нашых шматпавярховых дамоў і ў іх саміх навялі парадак.
Напрыклад, пытанне з падваламі. Дзякуй кіраўніцтву і спецыялістам, у мінулым годзе яны заняліся гэтым сур’ёзна: чысцілі каналізацыйныя трубы, праводзілі абследаванні сістэмы. Цяпер добра было б прыбраць у саміх памяшканнях.
Другі клопат – каналізацыйныя люкі. Размешчаныя на тратуарах, некаторыя правальваюцца і выклікаюць пытанні аб бяспецы.
Але, на маю думку, камфорт навокал – справа не толькі ўлады. Кожнаму з нас па сіле прыбраць у пад’ездзе ці разбіць каля дома кветнік.