Районный праздник “Зажинки” с сохранением традиций прошел в сельхозпредприятии “Завидовское”

Опубликовано вт, 20/07/2021 года - 14:14
Автор статьи

На зжатым непадалёк ад вёскі Леніна пятачку выстраіліся камбайны, аўтамашыны і іншая сельскагаспадарчая тэхніка, якая будзе працаваць на жніве. Побач – экіпажы камбайнераў у аднолькавым спецаддзенні, прадстаўнікі ўлады, сельгаспрадпрыемстваў.

З мінулай восені і да гэтага моманту нашы работнікі шчыра працавалі на палетках для таго, каб вырасціць дастойны ўраджай, – звярнулася да прысутных кіраўнік гаспадаркі Таццяна Бялян. – І толькі хлебаробы ведаюць сапраўдную цану кожнай гадзіне ў час жніва. Прыемна, што ў нашым страі – сапраўдныя аднадумцы.  Штогадовыя поспехі “Завідаўскага” – наша агульнае дасягненне.

За арганізацыю раённага свята, стабільную работу і значны ўклад у развіццё рэгіёна, клопат аб простых аграрыях Таццяне Бялян падзякваў намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Мальцаў.

– Сёлета ў раёне патрэбна ўбраць больш за 24 тысячы гектараў зерневых і зернебабовых культур, – адзначыў ён. – На палеткі выедуць амаль 70 адзінак тэхнікі. Упэўнены: завідаўцы па выніках жніва не адзін раз узнімуцца на раённую, абласную і рэспубліканскую сцэны, каб атрымаць заслужаныя ўзнагароды. Жадаю ўсім безаварыйнай работы, здароўя і высокіх намалотаў.

Свае музычныя падарункі прысутным падарыў народны ансамбль народнай песні “Свята” раённага Палаца культуры. Культработнікі падтрымалі і народныя традыцыі. Кіраўніку сельгаспрадпрыемства ўручылі хлебны каравай, калегам з іншых гаспадарак – лялькі-абярэгі. Не засталіся ў даўгу і работнікі “Завідаўскага”: прэзентавалі блакноты і ручкі з лагатыпам гаспадаркі.

Прыемную місію адзначыць самых руплівых механізатараў выканалі старшыня райннага аб’яднання Федэрацыі прафсаюзаў Станіслаў Гаршуноў і старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Сяргей Прыходзька. Граматы і падарункі атрымалі амаль усе ўдзельнікі сёлетняга жніва. Сярод іх добра вядомыя ў раёне Аляксандр Шчучэнка, Генадзь Заразака, Віктар Сізы, Мікалай Усаў...

Намеснік старшыні райвыканкама Руслан Сікорскі звярнуўся да маладых удзельнікаў жніва. Пажадаў ім працягваць лепшыя традыцыі завідаўцаў, пераймаць вопыт старэйшых работнікаў. А каб першы выезд у поле запоўніўся надоўга, ён уручыў сувеніры Ігару Міхайлоўскаму, Ягору Бушынскаму і Юліі Макеевай.

Кароткую малітву аб добрых намалотах прысутным прачытаў святар мясцовага храма айцец Васілій. Ён акрапіў святой вадой і механізатараў і тэхніку.

Фіналам свята стала яшчэ адна старадаўнія традыцыя. У поле выйшла галоўны аграном гаспадаркі Таццяна Ракашова. У нацыянальным адзенні, з сярпом у руках. “Дай, Божа, поля каласістага” – прамовіла яна. І пачала зразаць каласкі, рупліва складваць іх у сноп новага ўраджаю. Упрыгожанным чырвона-зялёнымі стужкамі яго ўрачыста перадалі дырэктару гаспадаркі Таццяне Бялян.

Жніво стартавала.

Сяргей ВОЛЬГІН

Фота Яўгена УСЦІНАВА