Николай Жданович: «Газета стала частью моей жизни»

Опубликовано сб, 27/11/2021 года - 15:00
Автор статьи

Раніца ў мінулую сераду для калектыву «Добрушскага краю» пачалася з прыемнага моманту. У госці да газетчыкаў завітаў старшыня райвыканкама Дзмітрый Козел з прыемнай місіяй, якую кіраўнік выконваў не толькі па службовым абавязку.

– Уручаць узнагароды – заўсёды прыемна, – адзначыў старшыня райвыканкама. – А людзям з такім багатым вопытам, пад кіраўніцтвам якіх калектыў дасягае значных вышынь, – удвая прыемней.

З гэтымі словамі Дзмітрый Козел перадаў галоўнаму рэдактару «ДК» Мікалаю Ждановічу Ганаровую грамату райвыканкама за добрасумленную шматгадовую працу. І сапраўды, падзякаваць Мікалаю Мікалаевічу было за што. За 17 год працы раёнка змяніла як знешні выгляд, так і змест, на старонках выдання з’явіліся цікавыя праекты, якія выклікалі шмат станоўчых водгукаў у чытачоў.

За гэты працяглы тэрмін выраслі ў прафесійным плане і мясцовыя журналісты. Увогуле, за сваё жыццё Мікалай Ждановіч выхаваў пляяду таленавітых газетчыкаў. І не толькі. Многія, у тым ліку і вядомыя сёння добрушскія паэты ўдзячныя яму за падтрымку, падказкі. Большасць з іх свае першыя вершы друкавалі менавіта ў «Ленінцы», а пазней – у «Добрушскім краі».

Аднак, лепш аб сваім прафесійным шляху раскажа ён сам.

 

Думка журналіста-настаўніка:

Мінулы нумар раёнкі, дарэчы, ён даволі сімвалічны – 11111 па ліку, – апошні з падпісаных маім прозвішчам. Эстафета, штандарт «Добрушскага краю» гэтымі днямі перададзены ў маладыя ўмелыя рукі новага кіраўніка, з якім цесна – плячо ў плячо – пяць апошніх год стараліся рабіць раённую газету змястоўнай, цікавай і запатрабаванай чытачамі.

Cцвярджаюць: былых журналістаў не бывае. З гэтым цяжка паспрачацца. Справядліва ж і тое, што не становяцца толькі лёгкім успамінам для людзей і самі выданні. Асабліва, калі працы ў іх прысвечаны многія гады жыцця. У нас, газетчыкаў, дарэчы, ёсць бяспройгрышны, правераны спосаб пераканаць чытача ў аб’ектыўнасці напісанага – выпрабаваць сітуацыю або незнаёмы род заняткаў на сабе. Такія эксперыменты нярэдка практыкавалі апошнім часам і журналісты раёнкі. Згадаем толькі рубрыкі: «Праверана на сабе», «Пасвячэнне ў прафесію», іншыя.

У маім жа выпадку такім «выпрабаваннем на сабе» стала 17-гадовае знаходжанне на чале калектыву добрушскай райгазеты. Спачатку – «Ленінца», затым – «Добрушскага краю». Прызнаюся: рэдактарскія і газетныя клопаты сталі неад’емнай часткай уласнага жыцця. Увайшлі, вобразна кажучы, у плоць і кроў. Але нават танга сам-насам не танцуюць. Менавіта разам з калегамі – разумнымі, самаахвярнымі прафесіяналамі – прайшлі праз пэўныя выпрабаванні на шляху развіцця выдання. Вучыліся адзін у аднаго, эксперыментавалі, радаваліся поспехам, засмучаліся часовым няўдачам. Прозвішчы сваіх аднадумцаў агучваць не стану. Яны на слыху і навідавоку. У кожным нумары газеты, на яе сайце і старонках «ДК» у сацыяльных сетках…

Дзякуючы вам, сябры, некаторыя творчыя ініцыятывы газетчыкаў, як тая ж рэкламная гульня «Удача прыходзіць з «ДК», старонка «Играшки» і іншае, трывала прыжыліся ў практыцы рэдакцыі. Яны дапамагаюць калектыву ўстановы, што ўжо восьмы год самафінансуецца і не карыстаецца бюджэтнымі датацыямі, не толькі выжываць у неспакойным жорсткім моры эканамічных рэалій медыйнага рынку. Але і захоўваць дастойныя тыражы, рабіць наш інфармацыйны прадукт цікавым, і, як мовілі б эканамісты, канкурэнтаздольным. За гэта ўсім вам, нашы верныя сябры, ад нас агро-о-омністы (!) дзякуй.

Сёння ж, на пераходным этапе, у перыяд распачатай гадавой падпіскі, такая ваша падтрымка, дарагія чытачы, газетчыкам асабліва важная. Доўгачасовы вопыт зносін з вамі пераконвае, што вы зробіце правільны выбар. На карысць нашага і вашага «Добрушскага краю».

Што ж да аўтара гэтых радкоў, гляджу ў заўтра – і ўласнае, і газеты, з якой доўга адчуваў сябе непарыўным цэлым, з аптымізмам. Бо ўпэўнены: лепшыя калектыўныя набыткі не толькі захаваюцца – памножацца. Таму, дзякуючы за ўсё вялікае, слушнае і добрае, не хачу казаць вам «бывайце»…

Заўжды ваш Мікалай ЖДАНОВІЧ

Теги