Накануне старого Нового года Васильевская амбулатория врача общей практики получила новый легковой автомобиль

Опубликовано пт, 14/01/2022 года - 13:50
Автор статьи

…Марозны ранак. Цагляны будынак вясковага ФАПа ў Пераросце. Старанна вымецены ганак. Аднак забітая счышчаным з абутку снегам рашотка падказвае: наведвальнікі ёсць.

– Мароз не мароз, а хвароба не чакае, – тлумачыць урач агульнай практыкі Дар’я Хлябцова. – Кожнаму пацыенту патрэбны ўвага і парада медыка. Зразумела, што холад часцей прымушае вяскоўцаў узяцца за трубку тэлефона і вызваць дапамогу на дом. Новая машына – гэта магчымасць ахапіць большую колькасць тых, хто мае ў гэтым неабходнасць.

І раней работнікі ФАПа выязджалі на выклікі пацыентаў. Цяпер жа гэта рабіць будзе зручней. Па словах намесніка галоўнага ўрача Добрушскай ЦРБ Вольгі Аляксеенка, спонсарам стала адна з арганізацый Гомеля. А ўвогуле, сітуацыя з абнаўленнем аўтапарка медыкаў значна змянілася літаральна за некалькі год. У лепшы бок. Набыты транспарт для гарадской паліклінікі, аддзялення кансультацыйнай педыятрычнай дапамогі. На чарзе – сельскія арганізацыі аховы здароўя раёна.

«Першую ластаўку» да Васільеўкі прыгнаў з абласнога цэнтра вадзіцель Сяргей Дзергачоў. Да прыгажуні-«Лады» блакітнага колеру ў яго асаблівыя пяшчотныя адносіны.

– Сяргей Аляксандравіч – адказны чалавек, – тлумачыць клопат калегі Дар’я Хлябцова. – Маршрут, па якім ходзіць аўтамабіль пункта, ахоплівае Васільеўку, Перарост, Алёс, Красны Курган, Лебядзёўку, Новы Мір. 1200 чалавек спадзяюцца на нас. У экстраных выпадках і ў бальніцы Церахоўкі, Добруша пацыентаў дастаўляем. А шлях да вёсак, у якіх, бывае, толькі пара двароў, часта неідэальны. Таму павелічэнне колькасці конскіх сіл пад капотам – гэта не толькі жаданне вадзіцеля, але і патрэбы хворых. 

Пакуль урач збірае чамаданчык і апранае вопратку, каб паказаць нам абноўку, гутарым з мужчынам. Іспыт мінусавой тэмпературай новы аўтамабіль праходзіць без праблем, з радасцю гаворыць Сяргей Дзергачоў. Не паспелі зрабіць чарговы здымак на фоне машыны-«Васілька», як мясцовая бабуля гукае.

 – Не замарозьце мне медыкаў! – строга наказвае жанчына. – Яны нашы ратаўнікі. А за аўто дзякуй! Гэта падарунак і ўрачам, і нам.

Фота Яўгена УСЦІНАВА