“Лімузіны” – не машыны

Гэта яны паклалі пачатак пераспецыялізацыі
мясной жывёлагадоўлі ў КСУП “Дубовы Лог”

Пераспецыялізацыя: задачы і мэты
У свой час інстытут радыялогіі сумесна з Камітэтам па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама распрацавалі праграму пераспецыялізацыі (бізнес-план) для КСУП “Дубовы Лог” на 2007-2010 гады. Асноўным накірункам была прадугледжана тэхналогія спецыялізаванай мясной жывёлагадоўлі.
За час рэалізацыі першай праграмы адбылося ўзбуйненне гаспадаркі з СВК “Кругоўскі”. У новых умовах з’явілася неабходнасць у аптымізацыі  спалучэння галін раслінаводства і жывёлагадоўлі для поўнага і бесперабойнага забеспячэння патрэбнасці жывёлагадоўлі ва ўласных кармах. Усё гэта патрабавала ўдасканалення і карэкціроўкі асноўных паказчыкаў пераспецыялізацыі, што і было зроблена ў 2010 годзе.
На пачатак 2010 года ў гаспадарцы налічвалася 776 галоў буйной рагатай жывёлы мяснога накірунку. Паказчыкі, даведзеныя праграмай пераспецыялізацыі, на той час па колькасці мяснога пагалоўя былі выкананы на 87 працэнтаў. Валавы прырост жывой масы мяснога статка на вырошчванні  і адкорме быў выкананы толькі на 22 працэнты. Як вынік: жывёлагадоўля ў гаспадарцы заставалася стратнай галіной з адмоўным узроўнем рэнтабельнасці ў 62 працэнты.
Прапанаваная новая рацыянальная структура статка ў КСУП “Дубовы Лог” павінна забяспечыць атрыманне найбольшай колькасці прадукцыі ў разліку на сярэднегадавую  галаву. Мяркуецца, што ўдзельная вага кароў і нецеляў у статку складзе 48 працэнтаў.
Такая структура статка пры накіраваным вырошчванні рамонтнага маладняку і атрыманні сярэднесутачных прыростаў 850-900 грамаў дае магчымасць штогод уводзіць у статак 30 працэнтаў нецеляў, выбракоўваць да 25 працэнтаў ялавых і непрыгодных для далейшага выкарыстання жывёл.
Пасля ўзбуйнення гаспадаркі і ўнясення змяненняў у праграму пераспецыялізацыі гаспадарцы было рэкамендавана давесці пагалоўе мяснога статка да канца 2010 года да 845 галоў, атрымаць 97 тон валавага прыросту.
Да 2014 года ставіцца задача давесці колькасць мяснога статка да 1230 галоў, у тым ліку – 587 кароў, атрымаць валавага прыросту 200 тон з рэалізацыяй на мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы не менш за 140 тон мяса.
– Асноўная задача ў узнаўленні статка мясной пароды, – расказвае галоўны заатэхнік гаспадаркі Н.Новікава, – гэта атрыманне ад кожнай каровы аднаго цяля ў год, для чаго неабходна поўнае асемяненне кароў і цялушак. Такой мэты можна дасягнуць за лік вырошчвання высокакласных цялушак, падрыхтоўцы іх да асемянення, правільнай арганізацыі кармлення і ўтрымання матачнага пагалоўя і г.д.
Стаўку зрабілі на “лімузіны”
Пры пераспецыялізацыі стаўку зрабілі на мясную пароду жывёлы “лімузін”.
– Пачыналі з таго, што з КСУП “Камарынскі” ў 2007 годзе завезлі 100 галоў нецеляў, – расказвае галоўны эканаміст гаспадаркі Н. Глухатарэнка. – Статак размяшчалі ў тых памяшканнях, якія былі ў гаспадарцы. У 2008 годзе пачалося ўзвядзенне комплексу на 900 галоў па вырошчванні мяснога статка.
Статак зімуе на комплексе
Комплекс па вырошчванні мяснога пагалоўя ўзведзены за тры гады на ўскраіне Дубовага Логу. Гэта чатыры прасторныя памяшканні, абнесеныя бетоннай агароджай. Побач – вагавая, траншэі для назапашвання сенажу і сіласу. Не забыты і жывёлаводы, для якіх у самы бліждэйшы час будуць створаны неабходныя бытавыя ўмовы.
Дададзім, што на ўзвядзенне комплексу па чарнобыльскай праграме выдаткавана 12 мільярдаў рублёў.
Разам з намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце А. Фядосавай і намеснікам па раслінаводстве П. Гамідавай нядаўна давялося наведаць комплекс, дзе зімуюць “лімузіны”.
Абсталявання тут – мінімум. Электраэнергія выкарыстоўваецца толькі для асвятлення памяшканняў у зімовы час. Вада жывёле падаецца па  трубах у металічныя ёмістасці.
Статак утрымліваецца на глыбокім подсціле – саломе. Рэгулярна, праз тры дні, стойлы ачышчаюцца з дапамогай “Амкадора”, іншай тэхнікі. Гэтым заняты механізатары Віктар Дзенісенка і Пятро Амельчанка. Раздачу кармоў вядзе трактарыст Уладзімір Горбаў. Старан­на працуюць даглядчыкі Юрый Казлоў, Іван Максімча і іншыя.
– Гэта ў нас радзільнае аддзяленне, – расказвае загадчыца фермы Н.Пархоменка. – Тут утрымліваецца 90 кароў.
Дарэчы, у гэтым аддзяленні каровы да і пасля ацёлу знахо­дзяцца каля трох месяцаў.
Маленькія цяляты ляжаць на саломе. Даглядчыкі іх не выпойваюць, не дояцца і каровы-лімузіны. Цяляткі знаходзяцца на падсосе.
– Разумныя яны істоты, – дзеліцца думкай загадчыца фермы. – Для дарослых жывёлін у кармушках пастаянна павінен быць корм. Фуражу ім патрэбна ўдвая больш, чым чорна-пярэстым.
Улетку ўвесь статак будзе ўтрымлівацца на пашы, у тым ліку і каровы з цяляткамі.
Першыя вынікі
Зараз на комплексе ў КСУП “Дубовы Лог” утрымліваецца звыш 1800 галоў буйной рагатай жывёлы.
У галоўнага эканаміста гаспадаркі Н.Глухатарэнка пацікавіўся вынікамі работы жывёлаводаў за мінулы год. З комплексу на мясаперапрацоўчае прадпрыемства паступіла 104 галавы жывёлы – каля 49 тон мяса. Рэнтабельнасць вытворчасці з адмоўнай вырасла да 10 працэнтаў.
Ёсць і праблемы з рэалізацыяй прадукцыі. Напрыклад, жывёлу пароды “лімузін” прымаюць па цане чорна-пярэстай. Розніца ж на адным кілаграме – у межах 6 тысяч рублёў. Гаспадарка нясе страты.
Будзем спадзявацца, што гэта праблема будзе вырашана ў бліжэйшы час.
Мікола ШЫШОЎ
Фота Яўгена УСЦІНАВА