Чыя ідэя лепшая?

Рубрика:

Весела, цікава і пазнавальна прайшоў чарговы раённы конкурс у сценах  раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі

Конкурс носіць статус адкрытага, а таму кожны раз яго ўдзельнікамі  становяцца юныя ўмельцы з іншых раёнаў нашай вобласці. Так было заўжды, але, як кажуць, добрымі чуткамі зямля поўніцца. Высокі ўзровень конкурсу, цікавыя работы дзяцей, кампетэнтнае журы сталі асноўнымі матывамі ўдзелу ў ім каманды Гараднянскай станцыі юных тэхнікаў з Украіны. А таму можна смела сцвярджаць – перагорнута наступная старонка ў дзейнасці навучальнай ўстановы. Раённы конкурс набыў статус міжнароднага.
Педагагічна-выкладчыцкі калектыў кафедры агульнай фізікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны шмат увагі надае пошуку новых талентаў. Кожны год загадчык кафедры Я.Б. Шаршнёў, старшы выкладчык І.М. Якаўцоў, лічаць сваім абавязкам удзельнічаць у рабоце журы. Акрамя іх, работы падлеткаў ацэньвалі асістэнт кафедры А.С. Пабіяха, аспірант фізічнага факультэта
В.Ю. Седзікава.
Сёлета ўдзел у конкурсе прымалі 43 канкурсанты. Задоўга да мерапрыемства ім разаслалі конкурсныя заданні ў намінацыях “Крокавы рухавік”, “Вечны ліхтарык” і “Пробнік дыёдаў”. Акрамя гэтага рабяты рыхтаваліся да конкурса ў секцыях радыёэлектронікі, тэхнічнага мадэлявання і праграмавання, праграмавання і камп’ютарнага мадэлявання.
Да ўдзельнікаў конкурса з прывітальнымі словамі звярнуліся намеснік старшыні райвыканкама М.В. Лысенка і намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама А.Ф. Раздуева. Госці шчыра павіншавалі канкурсантаў з пачаткам спаборніцтваў, пажадалі творчых знаходак і прыгожых перамог.
Напэўна, не варта нагадваць, які максімалізм віруе ў душах дзяцей і падлеткаў. Кожны з іх хоча здзівіць сяброў і дарослых сваімі ведамі і работамі, а таму ў асобе кампетэнтнага журы яны знайшлі зацікаўленых і ўважлівых субяседнікаў.
Кожнае спаборніцтва называе сваіх пераможцаў. Не стаў выключэннем і гэты конкурс. На думку журы, у рашэнні конкурснага задання “Крокавы рухавік” перамог прадстаўнік Ігаўскай школы Станіслаў Кавальчук, на другім і трэцім месцах  Павел Крывашэеў і Юра Марханаў, якія прадстаўлялі Церахоўскую САШ №1 і гаспадароў спаборніцтваў адпаведна.
У намінацыі “Вечны ліхтарык” лепшую работу прадставіў вучань Васільеўскай САШ Саша Рыбак. Ілля Жураў (САШ №2
г. Добруша) на другім месцы, на трэцім – прадстаўнік Кармянскай школы Вадзім Міхалюк.
Кампетэнтнае журы ў намінацыі “Пробнік дыёдаў” назвала лепшым вучаня САШ №5 г. Добруша Андрэя Алейнікава. У ліку прызёраў – прадстаўнікі Ігаўскай школы і раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Антон Шчыпайла і Павел Яфрэмаў.
Не засталіся без ўвагі ўдзель­нікі навукова-практычных канферэнцый. Спіс узнагаро­джаных сярод іх унушальны, а таму, назаву  толькі прозвішчы прызёраў.
Дыпломы конкурса атрымалі Вячаслаў Сакоскі, Мікіта Грамыка, Юра Марханаў, Ілля Жураў, Артур Здунюк, Таццяна Піліпшанава, Вікторыя Оспічава і Вікторыя Калугіна.
 Першае месца ў каманднай намінацыі ўпэўнена заваявалі гаспадары конкурса – раённы цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, на другім –  юныя  Ігаўскія ўмельцы, замкнула тройку прызёраў каманда САШ №2 г. Добруша.
 Па словах дырэктара цэнтра В.І. Валюшэнка, конкурс атрымаўся цікавым і напружаным. На суд журы вынесена шмат цікавых і нестандартных ідэй. Больш складана ішлі справы з практычнымі работамі. Галоўнае, што дзеці ўмеюць прымяняць атрыманыя веды на практыцы, падыходзяць да вырашэння пастаўленых перад імі задач творча, з фантазіяй.
Леанід ДУБОЎСКІ
Фота аўтара