Кропку паставіў суд

Ім паднесены ўрок павагі да яго вялікасці Закона

На мінулым тыдні ў актавай зале РАУС прайшло выязное пасяджэнне суда Добрушскага раёна.

На лаве падсудных – жанчына, раней асуджаная па артыкуле 147 КК РБ. У 2009 годзе яна падняла нож на свайго мужа,  нанесла яму нажавое раненне. Улічваючы характэрыстыку з месца жыхарства, пазіцыю пацярпелага, шчырае раскаянне падсуднай, суд знайшоў магчымым вынесці пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 4 гады, без накіравання грамадзянкі П., 1967 года нараджэння, якая пражывала ў г.п. Церахоўка, у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Згодна з рашэннем суда, жанчына павінна была ўладкавацца на работу, адзін раз у месяц адзначацца ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, не ўжываць спіртных напояў, не пакідаць месца пражывання з 19.00 да 6.00 гадзін.
Як жа распарадзілася гуманным прысудам П., ці стала яна на шлях выпраўлення? Пытанне рытарычнае. З’яўленне ў імправізаванай судовай зале суддзі, пракурора, адваката і падсуднай – дае на яго адказ.
Грамадзянка П. практычна не працавала і не з’яўлялася на рэгістрацыю. На пытанне суддзі А. Васюкова аб прычынах такіх паводзін, адказваць не хацела. Больш за тое, яна нават запамятала, што была асуджана судом у 2009 годзе. На працу так і не ўладкавалася, хатняй гаспадаркі не вяла.
За два гады знайшлася толькі адна прычына адсутнасці на рэгістрацыі: некаторы час жанчына хварэла. Па ўсіх астатніх выпадках – адказу суд так і не атрымаў.
На пасяджэнне ў якасці сведкі выклікаўся начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС маёр міліцыі А. Гуцаў. Ён паведаміў, што інспекцыя давала магчымасць грамадзянцы П. стаць на шлях выпраўлення, але свой шанс яна, на жаль, не скарыстала.
Дзяржаўны абвінаваўца, пракурор раёна В. Савянчук папрасіў суд прызначыць П. пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам два гады з адбыццём пакарання ў папраўчай установе адкрытага тыпу.
Адвакат падсуднай Л. Жу-коўскі звярнуў увагу суда на нейтральную характэрыстыку грамадзянкі П. з месца жыхарства, на тое, што за час адбыцця папярэдняга прысуду, яго падабаронная паводзіла сябе спакойна, грамадскага парадку не парушала, спіртныя напоі не ўжывала.
Узважыўшы ўсе абставіны справы, суд абвясціў прысуд: згодна з артыкулам 415 КК Рэспублікі Беларусь грамадзянка П. асуджана да пазбаўлення волі тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў, з адбыццём пакарання ў папраўчай установе адкрытага тыпу.
Прама ў судовай зале наручнікі зашчапіліся на запясцях жанчыны. Трэба было бачыць выраз яе твару. Здзіўленне, роспач, трывога, абурэнне… Цікава, а чаго чакала асуджаная, пасля таго, як на працягу некалькіх гадоў ігнаравала закон?
Прыгнечаная цішыня павісла ў зале. На судовым пасяджэнні прысутнічала 18 асоб, якія вызваліліся з месцаў пакарання і асобы, асуджаныя да пакарання без пазбаўлення волі. Аб чым думалі гэтыя людзі –  здагадацца не цяжка. Усім ім паднесены ўрок павагі да яго вялікасці Закона.

Леанід ДУБОЎСКІ