Спакой ім толькі сніцца

Дарогі і вуліцы населеных пунктаў раёна па-ранейшаму застаюцца зонамі павышанай небяспекі. Кожны вадзіцель ведае правілы дарожнага руху, але не кожны іх выконвае. Тое самае можна сказаць і ў дачыненнеі да пешаходаў. Калі сказаць больш коратка – усім нам не хапае культуры паводзін на вуліцах і дарогах.
Больш грунтоўна, з лічбамі ў руках, на пытанні карэспандэнта газеты адкажа начальнік Добрушскай ДАІ маёр міліцыі В.А. Неўскі

– Васіль Арцёмавіч, 2011 год стаў здабыткам гісторыі, якім запомніўся ён у плане аварыйнасці на дарогах нашага раёна?
– Як вельмі складаны і напружаны. Мяркуйце самі, за 12 месяцаў мінулага года на тэрыторыі раёна зарэгістравана 22 ДТЗ, у якіх 7 чалавек загінулі. У параўнанні з папярэднім годам назіраецца павелічэнне трагедый на дарогах.
Асноўнымі прычынамі, якія садзейнічаюць такой сітуацыі, з’яўляецца п’янства – 8 ДТЗ (4 чалавекі загінулі, яшчэ столькі атрымалі раненні), выезд на паласу сустрэчнага руху – 3 ДТЗ (91 чалавек загінуў), невыкананне хуткаснага рэжыма, парушэнне правілаў манеўрыравання, праездаў перакросткаў.
Безумоўна, ДАІ не выступае ў якасці назіральніка. Намі рэалізаваны шэраг мерапрыемстваў, якія накіраваны на змяншэнне колькасці ДТЗ. Асаблівая ўвага надаецца прафілактычнай рабоце, умацаванню транспартнай дысцыпліны, павышэнню вадзіцельскай культуры, удасканаленню арганізацыі  дарожнага руху і іншым пытанням.
– Аб чым гавораць лічбы, якія вызначаюць колькасць парушальнікаў Правіл дарожнага руху?
– Аб тым, што супакойвацца нам ( я маю на ўвазе не толькі супрацоўнікаў ДАІ, але і грамадзян раёна) рана. За мінулы год супрацоўнікамі аўтаінспекцыі выяўлены 8883 парушэнні Правіл дарожнага руху. 198 кіроўцаў транспартных сродкаў, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, ад кіраваня адхілены.
Як я ўжо адзначаў, парушэнне хуткаснага рэжыму прыводзіць да надзвычай цяжкіх наступстваў на дарогах. І тым не менш, у мінулым годзе  выяўлена 3587 такіх фактаў. Да ўсіх парушальнікаў ужыты меры адміністрацыйнага ўздзеяння, праведзены прафілактычныя гутаркі, як і да 1057 пешаходаў.
Па-ранейшаму эфектыўным сродкам прафілактыкі ДТЗ з’яўляецца прапаганда бяспечных паводзін на дарогах сярод усіх удзельнікаў дарожнага руху. Нашымі супрацоўнікамі праведзена 1527 вусных выступленняў на тэму бяспекі дарожнага руху, апублікаваны шэраг матэрыялаў у раённай газеце, праведзена 15 планавых і 18 кантрольных праверак аўтапрадпрыемстваў. Выдадзены адпаведныя прадпісанні.
Па выніках праверак, 28 пасадавых асоб за выпуск на лінію няспраўнай тэхнікі і тэхнікі, якая не прайшла тэхнічны агляд, прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Іншы раз кіраўнікі аграпрамысловых прадпрыемстваў ставяць на першае месца выкананне вытворчых заданняў, але пра бяспеку людзей забываць таксама нельга. Толькі агульнымі намаганнямі мы палепшым сітуацыю на нашых дарогах, захаваем здароўе і жыццё людзей.

Леанід ДУБОЎСКІ