Стоимость подписки на полугодие – 36 рублей.

У іардань, за ачышчэннем!

Рубрика:

Вялікае Водаасвячэнне адбылося на Іпуці ў свята Богаяўлення

Медыцынская сястра ратавальнай станцыі ў Добрушы Наталля Падвойская расказвае:
– Працую тут 12 год. Заўсёды на Вадохрышча людзі ідуць акунуцца ў сцюдзёную ваду ракі. А апошнія тры гады на гэта іх бласлаўляе айцец Аляксій. Свята носіць яркі і эмацыянальны характар.
Да свята Вадохрышча ў Добрушы старанна рыхтаваліся работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, ратавальнай станцыі. На беразе Іпуці была падрыхтавана спецыяльная палонка для купання, пастаўлена вялікая палатка з абагрэвам. Побач стаяла армейская кухня. Прапаршчык Уладзімір Крывянкоў  частаваў усіх гарачым чаем.
 Жадаючых купацца было шмат, хоць стаяў умераны марозчык і дзьмуў парывісты вецер.
Айцец Аляксій прачытаў малебен і асвяціў месца купання.
Пасля святар звярнуўся да ўсіх, хто прыйшоў на Вялікае Водаасвячэнне ў свята Богаяўлення:
– Хрышчэнне Гасподне – адно з самых старажытных хрысціянскіх святаў. У гэты дзень Бог прыходзіць у свет, каб уявіць яму Свет Непрыступны.
Слова “хрышчу” ў перакладзе з грэчаскага азначае “пагружаю ў ваду”, – працягваў святар. Сэнс і важнасць абрада хрышчэння нельга зразумець, патрэбна ведаць перш за ўсё сімвалічнае і рэальнае значэнне вады ў Ветхім Запавеце. Без вады няма жыцця. Сімвалічна  хрышчэнне азначае, што як цела амываецца і ачышчаецца вадой, так і душа чалавека будзе ачышчана ад усіх грахоў Хрыстом.
– Разлічвайце на свае сілы, магчымасці, няхай хрышчэнскае купанне прынясе вам радасць і здароўе! – звярнуўся айцец Аляксій да прысутных.
І вось у асвечаную іардань смела ступіў маёр міліцыі Віктар Андрыянчыкаў. Праплыў туды-назад. За ім — астатнія. Не адстала ад свайго дзядзі Аліна Андрыянчыкава – 9-класніца Насовіцкай сярэдняй школы. А за ёй – і выпускніца гэтай школы.
Крыху пазней, пацікавіўся ў В. Андры-янчыкава самаадчуваннем дзяўчат.
– Грэюцца ў маёй машыне, вясёлыя, ба-дзёрыя, – адказаў той.
У палатцы на беразе Іпуці давялося сустрэцца з трэнерам ДЮКФП Пятром Літвінавым.
– У іардані купаюся трэці раз. Пачынаў яшчэ ў Віцебску. Зарад атрымліваю на цэлы год!
А вось навучэнец прафтэхвучылішча Арцём Харкоў упершыню адважыўся на хрышчэнскае “маржаванне”.
– Цяпер купанне ў ледзяной вадзе для мяне стане традыцыйным, – заўважыў юнак. – Выпрабаванне вытрымаў!
Па словах начальніка ратавальнай станцыі А.Бялаўскага, на свяце Хрышчэння ў іардані на Іпуці пабывалі каля 200 гараджан. Апошні акунаўся туды апоўначы.
Мікола ШЫШОЎ
Фота Яўгена УСЦІНАВА