Ученики СШ№3 г. Добруша рассказали истории о пионерских галстуках

Рубрика:

То паскараючы, то запавольваючы тэмп свайго руху, гісторыя чалавечага жыцця адлічвае гадзіны, але заўсёды няўхільна імкнецца наперад

У гэтым годзе Усесаюзная піянерская арганізацыя будзе святкаваць сваё 90-годдзе. Мерапрыемствы, якія далучаюць піянераў Добрушчыны да агульнага піянерскага руху, прысвечаны гэтай значнай даце.
Піянеры-актывісты раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі прымалі ўдзел у рэспубліканскім праекце “Гісторыя гальштука ў маёй сям’і”, які праходзіў у 2011 годзе. Менавіта работы К. Капітоненка, Д. Цяленчанка і І. Драздова палічылі лепшымі і прадставілі на конкурсе.
Вось якую гісторыю гальштука ў сям’і падала вучаніца СШ №3 г. Добруша Кацярына Капітоненка:
– Праз усё жыццё чалавек праносіць добрыя ўспаміны аб школе, яе традыцыях, захоўвае ў сэрцы памяць аб школьных сяб­рах. Калі я спытала ў мамы аб тым, што запомнілася ёй больш за ўсё, яна спачатку задумалася, а потым сказала: “Успаміны аб школе звязаны ў мяне з піянерыяй. Гэта быў цудоўны час, і я ніколі аб ім не забуду.
Акунаючыся ва ўспаміны аб мінулым, я зноў адчула сябе дзяўчынкай-школьніцай, якая з нецярпеннем чакала моманту ўступлення ў піянеры. Гальштук! Колькі я марыла аб ім! Калі бачыла вучняў нашай школы, якія ўжо сталі піянерамі, я замірала на месцы і не магла адарваць позірку ад пунсовага гальштука ў іх на грудзях.
І вось наступіў той урачысты момант, калі на вачах ва ўсіх вучняў нашай школы старэйшы піянер завязаў мне яркі чырвоны гальштук.
Цяпер я з гонарам магла называць сябе піянерам!
Уступленне ў піянеры вельмі паўплывала на маё жыццё. З таго моманту як  пачала насіць гальштук, я адчула сябе  больш адказнай перад грамадствам, у мяне прачнулася непераадольнае жаданне здзейсніць як мага болей добрых учынкаў. Мне хацелася быць сапраўдным піянерам – прыкладам для маленькіх акцяб­рат і сваіх равеснікаў. Мне здаецца, я была такой! Заўсёды.
Незабыўны час, светлыя і чыс­тыя ўспаміны! Думаю, што ўсё самае лепшае і добрае звязана з маім школьным жыццём. Цяпер, праз шмат гадоў, перагортваючы старонкі школьнага альбома, я з радасцю ўспамінаю аб мінулым, якое ўжо не вернеш. Але вопыт пражытых гадоў дазваляе мне зараз з надзеяй і аптымізмам глядзець у будучыню.”
“Я з цікавасцю слухала маміну гісторыю, – піша далей Кацярына. –  Колькі ўражанняў пакінуў звычайны гальштук. Ніколі б не падумала, што калісьці даўно мама перажыла такія самыя пачуцці, якія зараз прыйшлося перажыць мне. Бо мне таксама падабаецца прымаць удзел ва ўсіх піянерскіх мерапрыемствах, зборах і конкурсах.
Мне здаецца, што гэта вельмі добра, калі вучні ўцягнуты ў школьныя справы, і я імкнуся актыўна ўдзельнічаць у жыцці школы.  Знайшла сабе шмат сяброў, з якімі мяне яднаюць агульныя інтарэсы.
А больш за ўсё мяне радуе тое, што сваімі справамі я прынесла карысць маёй любімай школе... Прыносіць карысць Радзіме – вось сапраўдны сэнс усіх нашых намаганняў!”
Не менш цікавай аказалася конкурсная работа 13-гадовай піянеркі Дар’і Цяленчанка, вучаніцы СШ №2 г. Добруша, аб гісторыі гальштука ў яе сям’і.
“Як зараз памятаю той радасны дзень. На ўрачыстым зборы, прысвечаным дню нараджэння піянерскай арганізацыі, я і мае аднакласнікі сталі піянерамі. Настаўнікі і старэйшыя рабяты завязалі нам пунсовыя гальштукі. Яшчэ не зусім зуразумеўшы значнасць гэтай падзеі, мы аддалі свой першы піянерскі салют, вымавілі клятву і з гонарам сказалі: “Мы – піянеры!”
Стаўшы дарослымі, мы па-сапраўднаму зразумелі, што азначае быць піянерам. З самага пачатку я прымала актыўны ўдзел у жыцці нашай піянерскай дружыны. Мне адразу ж спадабалася пазнаваць старонкі гісторыі піянерыі, рыхтаваць выступленні, удзельнічаць у лінейках, зборах, раённых конкурсах, ваенна-спартыўнай гульні “Зарніца”. Гэта ўсё здавалася вельмі цікавым і захапляльным. Наша дзейнасць была дастаткова плённай, неаднойчы мы станавіліся прызёрамі ў конкурсах, дабіваліся поспеху ў розных мерапрыемствах.
Школа і нашы педагогі рыхтавалі нас да будучага жыцця і стараліся развіваць такія карысныя якасці і здольнасці, як самастойнасць, адказнасць, цікаўнасць, павага і захаванне гісторыі нашай Радзімы, народа, сям’і.
З таго часу прайшло шмат гадоў, але ў душы я застаюся піянерам таму, што ўсё тое, што звязана з любімай справай, забыць немагчыма». (З успамінаў мамы, Надзеі Мікалаеўны Цяленчанка).
Сёння перад намі, піянерамі ХХI века, стаіць задача: выхоўваць сябе сапраўднымі людзьмі, тымі, хто будзе працаваць для лепшага жыцця ў нашай краіне, – піша далей Дар’я.  –  Трэба навучыцца разумець, што ты жывеш і для іншых людзей. Неабходна адчуваць сябе шчаслівым, калі зрабіў нешта добрае.
Толькі тады тваё асабістае жыццё стане радасным і багацейшым. Калі твая радасць зліваецца з радасцю сяброў, яна ўсё роўна твая, толькі становіцца ў сорак разоў больш. А навучыц­ца гэтай агульнай радасці можна толькі ў справе, якую ты робіш разам з таварышамі. І перш за ўсё – у дружыне.
“Я, Ігнацій Вячаслававіч Драздоў, з’яўляюся членам грамадскага аб’яднання “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” ў дружыне “Пунсовыя ветразі” ДУА “Жгунская СШ”. У піянеры я ўступіў у 5-м класе і ганаруся гэтым, бо мая мама таксама была піянеркай”. Так пачынаецца творчая работа трэцяга канкурсанта ў праекце “Гісторыя гальштука ў маёй сям’і”.
Далей мама Ігнація Альбіна Аляксандраўна дзеліцца сваімі ўспамінамі аб піянерскім мінулым:
 – Перш чым стаць піянеркай, у першым класе мяне прынялі ў акцябраты. Да таго як уступаць у піянеры, трэба было вывучыць клятву без замінак. У піянерскую арганізацыю мы ўступалі ў трэцім класе 22 красавіка 1984 года з клятвай У. І. Леніна. Надвор’е стаяла халоднае, ішоў дождж, што не паўплывала на мой настрой, таму што гэта быў дзень, які абяцаў нам павагу настаўнікаў і старэйшых рабят са школы – ганарова быць піянерам. У школе нас сабралі разам і павялі на плошчу, дзе і адбылася ўрачыстая лінейка, прысвечаная ўручэнню піянерскіх гальштукаў.
У таго, хто парушаў клятву, гальштук забіралі і выключалі з піянераў.
З’яўляючыся членам піянер­скай арганізацыі, я актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці школы. Спачатку я была абраная старшынёй савета атрада, потым – старшынёй савета дружыны. Разам з піянерамі мы вялі цікавае і карыснае для грамадства жыццё: збіралі макулатуру і металалом, праводзілі вечарыны і зборы, даглядалі помнікі воінам-вызваліцелям, прымалі ўдзел у суботніках. За намі замацоў­валіся сем’і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. А яшчэ існавалі цімураўскія атрады па 3-4 чалавекі, якія аказвалі дапамогу ветэранам і пенсіянерам.
За актыўную піянерскую рабо­ту мяне ўзнагародзілі паездкай у Агульнасаюзны піянерскі лагер “Арляня”. Адпачывала я там у дружыне “Сонечная”, а жылі мы ў палатках недалёка ад Чорнага мора. Ездзілі на экскурсію ў Наварасійск, каталіся па моры на лодках, падымаліся ў горы. А потым быў развітальны піянерскі касцёр. Гэта было вельмі цікава і рамантычна.
Па сутнасці, нічога не мяняецца: таксама гучаць словы-клятвы на ўрачыстых лінейках па прыняцці школьнікаў у піянеры, рабяты з захапленнем прымаюць удзел у грамадскім жыцці піянерскай дружыны, з цікавасцю і энтузіязмам выконваюць даручэнні і радуюцца, калі ўносяць свой пасільны ўклад у агульную справу. Мяняецца толькі час, ды на змену пасталелым піянерам прыходзяць усё новыя. Жыві, піянерская справа, яднай тых, хто хоча прыносіць карысць людзям!
Па матэрыялах, прадастаўленых цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі, падрыхтавала
Таццяна ПРЭЖЫНА