Год за годам – як шывок за шыўком

– Мне здаецца, ці сапраўды няроўна? – гаспадыня кватэры, падобнай да карціннай галерэі, папраўляе рамку на сцяне.
Гэту работу пад назвай “Сядзіба” дабрушанка Марыя Якаўлеўна Мядзведзева закончыла вышываць літаральна днямі, зрабіўшы сабе падарунак на 75-гадовы юбілей. Дваццаць восьмая па ліку, але майстрыха памятае кожную нават з тых сваіх работ, якія даўно “перасяліліся” да дачкі, двух дарослых унукаў. Не толькі карціны, але і вышытая пасцельная бялізна, абрусы, сурвэткі.

– Вось гэты ручнік я вышывала перад самым вяселлем, 50 год таму, –
Марыя Якаўлеўна ласкава правяла рукой па ярка-чырвоных ружах, нібы  дакрануўшыся да пляча каханага чалавека, разам з якім ёй пашчасціла быць зусім нядоўга.
Пасля пахавання мужа маладая ўдава 22 гады пражыла ў доме свякрові, вырасціла дзвюх дачок. Каб яны маглі атрымаць вышэйшую адукацыю, бралася за любую работу, ішла туды, куды накіроўвалі. Асноўнае месца работы ў М.Я. Мядзведзевай было адно – аддзяленне сувязі Харошаўка, нягледзячы на тое што запісаў у працоўнай кніжцы – шмат. Працавала там паштальёнам, грошаношай, пры неабходнасці замяняла начальніка, апошніх 10 год перад выхадам на заслужаны адпачынак была паштальёнам па суправаджэнні пошты. Яе прызнавалі лепшай па прафесіі, пяць разоў – пераможцай сацыялістычнага спаборніцтва, яна была ўдарнікам камуністычнай працы і дзясятай пяцігодкі. Свае “цацкі” – так Марыя Якаўлеўна называе заслужаныя працоўныя ўзнагароды – гаспадыня склала ў вазачку і зрэдку паказвае гасцям. А яны могуць толькі здагадвацца аб тым, што за кожнай з іх – сотні кіламетраў, пройдзеных па бездарожжы, у холад і спёку. А колькі кілаграмаў газетных пачкаў вытрымалі на сабе кволыя плечы маленькай жанчыны!
– Неяк 1 студзеня ехалі ў Кругавец, але на паўдарозе паштовая машына загрузла ў глыбокім снезе. Да бліжэйшай вёскі, адкуль можна паведаміць аб здарэнні, кіламетраў пяць, – успамінае ветэран паштовай сувязі. – А пры мне – пяць мяхоў з грашамі. Я іх – на спіну і пайшла па лесе ў Альховае. Не адчувала ні холаду, ні цяжкай ношы, думала толькі аб тым, дзе ў першую раніцу навагодняга свята знайсці трактар, каб адбуксіраваць машыну ў пасёлак.
У той раз усё скончылася добра, хаця дадому Марыя Якаўлеўна вярнулася на другія суткі. Змораная, але са спакойнай душой: грошы на выплату пенсій дастаўлены без затрымкі.
– А за сваё жыццё не было страшна? –
пытаюся ў М.Я. Мядзведзевай.
– Аб гэтым неяк не думала, – адказвае яна. – А калі што, у мяне пры сабе былі наган і сем патронаў да яго. Зброю атрымлівалі і здавалі кожны дзень у аддзеле міліцыі. На шчасце, карыстацца ёй не давялося.
Па словах ветэрана, жыццё ў тыя часы было складаным, але спакойным. Маючы невялікі даход, людзі не эканомілі на падпісцы на друкаваныя выданні. Па 150 пачкаў газет атрымлівала штодня харошаўскае аддзяленне сувязі, а паштальёнаў было толькі 12 чалавек на 500 двароў тагачаснай вёскі, і ўсе іх трэба было абысці. За гэтыя жывыя стасункі з людзьмі, якія нельга замяніць ніякімі тэхнічнымі сродкамі сувязі, Марыя Якаўлеўна любіла сваю работу, не развітвалася з ёй доўгі час і пасля таго як выйшла на пенсію. У ёй знаходзіла выратаванне ад усіх непрыемнасцей, суму і адзіноты. Нават зараз, у  75, для М.Я. Мядзведзевай лянота і гультайства проста невыносныя. Яна бярэ ў памочнікі акуляры, лупу, папяровы ўзор будучай вышыўкі і быццам адпраўляецца ў наступнае далёкае падарожжа – у Маскву, да царквы Хрыста Збавіцеля…
Людміла НАЗАРАВА