Па праграме мадэрнізацыі

Праграма мадэрнізацыі малочнатаварных фермаў на 2012 год нацэлена на тое, каб зрабіць малочную жывёлагадоўлю ў гэтай пяцігодцы высокаэфектыўнай. Як вядома, у кожнай гаспадарцы згодна даручэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь павінны быць мадэрнізаваны па адной ферме, створаны сучасныя ўмовы для ўтрымання, кармлення і даення малочнага пагалоўя.
Пра тое як будзе ажыццяўляцца праграма мадэрнізацыі фермаў у нашым раёне, і пойдзе гутарка з начальнікам аддзела інтэнсіфікацыі сельгасвытворчасці райсельгасхарчу У.Л.Зубаравым.

– Уладзімір Леанідавіч, раскажыце, што сёння ўяўляе сабой жывёлагадоўчы комплекс раёна?
– Зараз вытворчасцю прадукцыі жывёлагадоўлі ў нас  займаецца 13 сельгасарганізацый. У дзвюх гаспадарках вядзецца пераспецыялізацыя па чарнобыльскай праграме на мясную жывёлагадоўлю, у адной у наступным годзе будзе завершана будаўніцтва малочнатаварнай фермы з даільнай залай. Рэканструкцыю і тэхнічнае перааснашчэнне па адной ферме плануецца зрабіць у 2012 годзе ў 10 гаспадарках.
– Колькі ўсяго малочнатаварных фермаў у нашым раёне?
– Па стане на 1 снежня гэтага года ў сельгаспрадпрыемствах раёна эксплуатуецца 36 малочнатаварных фермаў. 858 кароў, а гэта крыху больш 8 працэнтаў ад усяго пагалоўя, доіцца ў даільных залах з прымяненнем сучасных тэхналогій.
На 34 фермах, дзе ўтрым­ліваецца 9870 кароў, даенне  вядзецца ў малакаправод. 380 кароў на дзвюх фермах доіцца ў даільныя вёдры. Заўважу, што на кожнай пятай ферме раёна раздача кармоў робіцца ўручную.
– Што плануецца зрабіць па праграме мадэрнізацыі фермаў?
– У будучым годзе плануем рэканструяваць 10 малочнатаварных фермаў. На сямі з іх будзе зроблена рэканструкцыя памяшканняў пад цэхі сухастою кароў, а на астатніх – для раздою кароў. Мяркуецца на адной ферме правесці рэканструкцыю кароўніка, дзе замест прывязнога будзе выкарыстоўвацца бяспрывязнае ўтрыманне жывёлы.
На васьмі фермах плануецца абсталяваць кармавыя сталы, механізаваць раздачу кармоў, а таксама замяніць 20 транспарцёраў гноевыдалення, дзевяць сістэм водапаення. Ставіцца задача мадэрнізаваць 11 малакаправодаў.
У такіх мэтах будзе набыта 7 даільных установак, у тым ліку 3 – з малакаправодам, 4 халадзіль­ныя ўстаноўкі, 20 транспарцёраў для выдалення гною, камплект стойлавага абсталявання, 3  кармараздатчыкі.
– Уладзімір Леанідавіч, колькі патрабуецца сродкаў для ажыццяўлення праграмы мадэрнізацыі фермаў і з якіх крыніц?
– Падлікі паказваюць, што на гэтыя мэты патрэбна выдаткаваць 13,1 мільярда рублёў, у тым ліку 7786,3 мільёна рублёў на набыццё будаўнічых матэрыялаў, 1740 мільёнаў – на тэхналагічнае абсталяванне і 3673,7 мільёна рублёў на выкананне будаўніча-мантажных работ. Крыніца фінансавання – уласныя сродкі сельгаспрадпрыемстваў.
Лічу, што для паспяховага выканання праграмы мадэрнізацыі ва ўмовах недахопу ўласных абаротных сродкаў у шэрагу гаспадарак раёна было б мэтазгодным прадугледзець выдзяленне абсталявання ў лізінг.
– Якія мэты ставіць праграма мадэрнізацыі?
– Выкананне яе дазволіць палепшыць умовы працы жываёлаводаў, удасканаліць тэхналогію вытворчасці малака, павялічыць прадукцыйнасць працы за лік тэхнічнага перааснашчэння працэсаў кармлення і даення жывёлы. Мадэрнізацыя фермаў таксама дазволіць на 300 адзінак павялічыць колькасць жывёламесцаў, на 1,5 тысячы тон у год – вытворчасць малака.
Мікола ШЫШОЎ