Яе жаночае шчасце

Равеснікаў жыхаркі Жгуні Лідзіі Фёдараўны Гуцавай называюць дзецьмі вайны. Гэта яны зведалі жахі фашысцкай акупацыі, голад, холад. А крыху падраслі – сталі дапамагаць бацькам аднаўляць вёску, фермы, працаваць

На жгунскую малочнатаварную ферму Лідзія прыйшла 20-гадовай дзяўчынай.
– Вядома, нялёгкая работа даяркі, – прызнаецца цяпер жанчына. – Мае равеснікі і равесніцы справу не выбіралі, яна выбірала нас.
Прыйшла на ферму ды так і прыкіпела да яе. У дзяцінстве марыла стаць медыкам, лячыць людзей. Вучыцца тады не давялося.
– А я і не шкадую, – пры­знаецца Лідзія Фёдараўна. – Жывёлагадоўлі аддала свае лепшыя гады, радуюся, што мне давялося зрабіць многае.
У жывёлагадоўчым цэху былога племзавода “Жгунскі” простая вясковая жанчына прайшла шлях ад даяркі да загадчыцы свінатаварнай фермы, заатэхніка. Ёй давялося даіць кароў, даглядаць авечак, вырошчваць племянны маладняк свіней.
Даяркай Лідзія Фёдараўна адпрацавала 9 год.
– Калі прапанавалі пайсці ўчотчыцай па племянной справе, – успамінае ветэран, – не адмовілася. У мяне былі вопыт і жаданне працаваць.
Л.Ф. Гуцава любіла працаваць з людзьмі. Неяк дырэктар племзавода прапанаваў:
– Думаем перавесці цябе, Фёдараўна, брыгадзірам на ферму буйной рагатай жывёлы.
І там брыгадзір поўнасцю аддавала сябе справе. Аб гэтым сведчылі высокія прывагі жывёлы на адкорме.
Надышоў час, калі практычнага вопыту аказалася мала, каб дабівацца большага. Задумалася аб вучобе. А на той момант у Лідзіі Фёдараўны было трое дзяцей. Самаму малодшаму – 11 месяцаў.
Рызыкнула яго мама, паехала ў Рэчыцкі зааветтэхнікум. Паступіла завочна. Першую сесію здала на выдатна.
– Так трымаць! – падбадзёрылі выкладчыкі, –  цягні на чырвоны дыплом!
І цягнула!
– Чытала па начах, – успамінае жанчына, – а доб­рым “памочнікам” мне быў малодшанькі Сярожа. Кантрольныя работы выконвала толькі самастойна.
Свайго дабілася. Сельска­гаспадарчы тэхнікум скончыла з чырвоным дыпломам.
У 1973 годзе Л.Ф. Гуцавай прапанавалі ўзначаліць калектыў свінафермы.
– Наш маладняк карыстаўся попытам не толькі ў гаспадарках раёна, вобласці, але і рэспублікі, – успамінае былая загадчыца фермы.
Не забывалі і пра людзей. На ферме працавала сауна, адкрылі першую ў раёне сталоўку для жывёлаводаў.
20 год знаходзіцца Лідзія Фёдараўна на заслужаным адпачынку. Нядаўна яна адзначыла юбілей з дня нараджэння.
Павіншаваць юбілярку прыйшлі старшыня райкама работнікаў АПК В.А. Баўкуновіч, старшыня Жгунскага сельвыканкама В.Л. Кірыенка, старэйшына вёскі, былы дырэктар племзавода “Жгунскі”
Л.І. Радкевіч.
– У мяне была любімая справа, разам з мужам мы вырасцілі траіх дзяцей, – прызналася Лідзія Фёдараўна. – А разам усё гэта – маё вялікае жаночае шчасце!
Мікола ШЫШОЎ
Фота аўтара