Жыццё як адзін дзень

Лёс вясковай жанчыны. Нялёгкі і няпросты. Заўсёды, у любыя часы. Праца на зямлі, дамашняя гаспадарка, а галоўнае – выхаванне дзяцей.

Нялёгкае, але дастойнае жыццё пражыла Ганна Мінаўна Капянкова з вёскі Івакі. Нарадзілася яна яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Уці. У сям’і – дзевяць дзяцей, адзін другога менш. Па чарзе насілі латаную-пералатаную вопратку, зімою – адны валёнкі на ўсіх. Хатка малюсенькая, у ёй зімавалі куры, а часам і парсючок. Не хапала хлеба, елі шчаўе, лебяду ды крапіву.
Свой працоўны шлях дзяўчынка пачала з маленства. 12 год ёй было, калі паехала на заробкі ў Гомель. Уладкавалася служкай у даволі заможную сям’ю. Быў цесны куточак для начлегу, нейкая ежа, невялікі заробак. Штосьці перападала з яе рук і малодшым брацікам і сястрычкам. А калі падрасла, набралася некаторага жыццёвага вопыту, пайшла працаваць на калгасныя палеткі – у паляводчую брыгаду івакаўскага калгаса.
Неўзабаве сустрэўся доб­ры хлопец. Нахлынула каханне, жыццё завіравала, напоўнілася шчасцем, новымі планамі і спадзяваннямі. Праўда, цяжка прый­шлося маладым. Спачатку туліліся ў зямлянцы. Ілля быў працавітым, душы не чаяў у сваёй жонцы. Узяліся будаваць хату, заводзіць уласную гаспадарку. У сям’і нарадзіліся дзеткі. Здавалася б, жыві і радуйся. Але няшчасці пасыпаліся на галаву маладой жанчыны. Няма нічога страшней для маці, чым хаваць у сырую зямлю сваіх крывінак. Немаўляткамі памёрлі Вера, Марыя, Валодзя. Дачушка Надзея стала для бацькоў адзінай уцехай. Вось так, з надзеяй на будучыню, і жылі.
Пачалася вайна. Мужа забралі на фронт. Душу і сэрца Ганны сагравалі салдацкія трохкутнікі. Да цямна працавала яна ў полі, звыкла выконвала спрадвечную сялянскую працу, чакала разам з Надзейкай мужа і бацьку з вайны. А атрымала паведамленне аб тым, што Ілля прапаў без вестак…
Гора не зламала жанчыну. Яна па-ранейшаму працавала, часта ўзвальваючы на свае худзенькія плечы мужчынскую ношу. Замуж больш не выйшла, хаця прапановы былі. Адна вырасціла дачку, дачакалася ўнукаў і праўнукаў, каб ім аддаць цеплыню свайго сэрца, усю любоў і ласку. Толькі здарылася так, што пахавала і сваю Надзею…
25 снежня Ганне Мінаўне споўніцца 95 год. Прыедуць унукі са сваімі сем’ямі, праўнукі, а юбілярка, хаваючы слёзы, будзе расказваць ім пра свой няпросты лёс і пра тое, што жыццё прайшло хутка, быццам за адзін дзень.
Віктар СЕРПІКАЎ,
в. Насовічы