Несці добры настрой

Рубрика:

Напярэдадні Новага года мы сустрэліся з начальнікам аддзела культуры райвыканкама Рыгорам  Козыравым, каб даведацца, што новага прапануюць жыхарам раёна работнікі культуры ў святочныя дні, з якімі здабыткамі праводзяць яны стары і сустрэнуць Новы год

– Рыгор Пятровіч, заканчваецца апошні месяц 2011 года, на парозе – наступны, 2012-ы. А што асабіста для Вас азначае гэта свята?
– Яно асацыіруецца з дабрынёй. Добрай казкай, добрымі пажаданнямі, добрымі надзеямі. Пагадзіцеся, што гэтыя словы самым непасрэдным чынам звязаны са святам. А яшчэ, безумоўна, – чаканнем нечага новага, светлага. Я па прыродзе – аптыміст і перакананы, што чалавек абавязкова павінен верыць у лепшае. І не толькі верыць, але сваімі ўчынкамі і стараннай працай набліжаць яго надыход.
 – А з якімі вынікамі сустракае Новы год калектыў аддзела культуры? Вас назначылі яго кіраўніком нядаўна і тым не менш, Вы, напэўна, можаце сёння падвесці некаторыя вынікі работы галіны?
– Сказаць, што культурна-асветніцкая работа для мяне незнаёмая, нельга. Усё маё жыццё так ці інакш звязана з культурай. А калі гаварыць пра вынікі работы галіны, яны, безумоўна, ёсць. Ужо сёння можна сказаць, што даведзеныя планавыя паказчыкі па творчай, пазабюджэтнай дзейнасці, энергазберажэнні і сацыяльных стандартах выкананы.
Нягледзячы на складанае фінансавае становішча ўдалося забяспечыць паступальнае развіццё галіны, захаваўшы кадры.
Галоўная наша каштоўнасць – людзі. А ў культуры, па маім глыбокім перакананні, працуюць толькі апантаныя людзі. Тыя, хто не лічыцца з асабістым часам, праблемамі і абставінамі. Такіх працаўнікоў шмат. А гэта значыць, што культура будзе жыць і развівацца.
–  Якія задачы давядзецца вырашаць работнікам культуры ў наступным годзе?
– Самая галоўная задача – павышэнне якасці мерапрыемстваў, якія мы праводзім. Мерапрыемства дзеля мерапрыемства – гэта нонсэнс. Гледачы галасуюць нагамі. Калі мерапрыемствы нецікавыя, людзі проста не ходзяць на іх. Калі нехта з чытачоў прысутнічаў на канцэрце, прысвечаным 85-годдзю раёна, павінен быў звярнуць увагу на пабудову праграмы і якасць канцэртных нумароў.
– Вы сказалі, што працуеце ў цяжкім фінансавым становішчы, а якім чынам удаецца папаўняць недахоп бюджэтнага фінансавання?
– Стараемся зарабляць. Тут усё ўзаемазвязана: больш заробім пазабюджэтных сродкаў, лепш умацуем матэрыяльную базу. Умацуем матэрыяльную базу – павысім якасць паслуг. Павысім якасць – больш заробім.
Мы знаходзімся ў пастаянным пошуку новых формаў работы. Пашыраем спектр платных паслуг, прывабліваем людзей навізной і якасцю. Гэта вечары адпачынку, канцэрты для працаўнікоў раёна і вобласці, агеньчыкі, прафесійныя святы, дзіцячыя тэатралізаваныя прадстаўленні, выстаўкі-продажы прадукцыі майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, правядзенне вясельных праграм і юбілееў.
Усе свае паслугі мы стараемся набліжаць да матэрыяльных магчымасцей людзей. За 11 месяцаў бягучага года мы змаглі прыцягнуць у галіну звыш 300 мільёнаў рублёў.
– Што і казаць, добрая прыбаўка да бюджэту. А што новага вы можаце прапанаваць дабрушанам у перыяд навагодніх святаў?
– Мы прапануем правядзенне і арганізацыю навагодніх баляў, калядныя праграмы, вечары адпачынку, танцпол-праграмы, дзіцячыя ранішнікі, спектаклі, паслугі Дзеда Мароза і Снягуркі. Усе мерапрыемствы разлічаны на любую ўзроставую катэгорыю.
Працягваючы традыцыі мінулых гадоў, мы плануем правядзенне дзіцячага навагодняга прадстаўлення “По щучьему велению”. Спектакаль пройдзе не толькі ў раённым Доме культуры, але і ў іншых установах культуры раёна. Яшчэ раз паўтараю, што кошт на нашы паслугі носіць сімвалічны характар. Галоўная мэта – дарыць людзям радасць.
Гутарку вёў Леанід ДУБОЎСКІ
Фота Яўгена Усцінава