Прадпрыемства стабільна развіваецца

Не кожны спажывец камунальных паслуг уяўляе, які няпросты шлях робіць гарачая вада, перш чым пальецца з вашага крана або запоўніць батарэі ацяплення. І гэта толькі адзін накірунак дзейнасці КУП “Добрушскі камунальнік”. Камунальная гаспадарка –  складаны арганізм, ад зладжанай работы якога залежаць камфортны быт грамадзян, стабільная дзейнасць прадпрыемстваў і ўстаноў раёна.
У нашым раёне пражывае каля 40 тысяч чалавек, з якіх 31,1 тысячы карыстаюцца жыллёва-камунальнымі паслугамі. На балансе прадпрыемства знаходзяцца 41 кацельня, 75 артэзіянскіх свідравін, станцыя другога ўздыму вады, 840 шахтных калодзежаў, 36 воданапорных вежаў, 49 кіламетраў цеплавых і 313 водаправодных сетак. Гаспадарка немалая,  таму на прадпрыемстве працуюць 689 чалавек.
Няпростыя задачы даводзіцца вырашаць камунальнікам у бягучым годзе. Значны рост кошту на энерганосьбіты ўскладніў выкананне прагнозных паказчыкаў, але распрацаваная праграма па зніжэнні іх спажывання (перавод кацельняў на мясцовыя віды паліва), змяншэнне матэрыяльных і працоўных рэсурсаў, дазволілі дастойна выйсці са складанай эканамічнай сітуацыі. Па гэтых пазіцыях (улічваючы страты пры аказанні жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву) мы зменшылі страты на 8,2%. Доля мясцовых відаў паліва ў агульным паліўным балансе прадпрыемства складае 21,6%.
Прыбытак ад усіх відаў дзейнасці, улічваючы бюджэтную субсідыю, склаў 40,1 мільярда рублёў і вырас у параўнанні з мінулым годам на 42%. Усё гэта дазволіла забяспечыць своечасовую выплату заробкаў, падаткаў, аплату энерганосьбітаў, мы змаглі накіраваць 700 мільёнаў рублёў уласных сродкаў на інвестыцыі ў асноўны капітал.
У бягучым годзе на развіццё прадпрыемства прыцягнута 7942 мільёны рублёў інвестыцый. За 11 месяцаў бягучага года прадпрыемствам аказана паслуг насельніцтву на 4620 мільёнаў рублёў.
Сярэдні заробак па прадпрыемстве ў лістападзе склаў 1388,5 тысячы рублёў. Фінансавае становішча прадпрыемства істотна пагаршае дэбіторская запазычанасць за аказанне жыллёва-камунальных паслуг, якая на 1 лістапада склала 1507 мільёнаў рублёў.
Не ўсё яшчэ атрымліваецца ў плане добраўпарадкавання населеных пунктаў раёна. Прычын тут шмат, у тым ліку і маральных. Адзначаны шматлікія факты вандалізму з боку маладых лю­дзей. Прадпрыемства нясе матэрыяльныя выдаткі, а жыхары – маральныя. Дарожныя знакі, лаўкі, дошкі для аб’яў, гульнявыя пляцоўкі – усё гэта ламаецца, руйнуецца, прыводзіцца ў нягоднасць.
І тым не менш, намі робіцца ўсё магчымае, каб вёскі і горад Добруш мелі прыстойны выгляд, радавалі позіркі грамадзян, асабліва дзяцей. Напэўна, чытачы газеты заўважылі і ацанілі намаганні камунальнікаў па добраўпарадкаванні сквера па вуліцы Савецкай.
Напярэдадні свята горада тут заменены састарэлыя лаўкі, укладзены бардзюрны камень і асфальта-бетоннае пакрыццё. На травяных газонах устаноўлены гульнявыя комплексы, горкі, арэлі. Сквер стаў папулярным месцам адпачынку добрушскіх матуль і іх дзяцей. На яго  добраўпарадкаванні асвоена звыш 290 мільёнаў рублёў. Сёлета адкрыта алея памяці, прысвечаная Героям Савецкага Саюза, ураджэнцам нашага раёна. Спецыялісты прадпрыемства зрабілі ўсё магчымае, каб ва ўстаноўлены тэрмін работы былі завершаны.
Значны аб’ём работ па добраўпарадкаванні выкананы КУП “Добрушскі камунальнік” у мікрараёне “Меліяратар”. Праведзена замена дарожных знакаў, нанесена гарызантальная дарожная разметка. На стадыі завяршэння работы па мадэрнізацыі кацельні, устаноўцы новага сучаснага абсталявання, у тым ліку і кагенерацыйнай устаноўкі, што дазволіць адначасова выраб­ляць цеплавую і электрычную энергіі. Кагенератары – сур’ёзная альтэрнатыва традыцыйным генератарам энергіі, бо яны выпрацоўваюць больш танныя цяпло і электрычную энергію. Па вуліцы Фрунзе ўстаноўлены два новыя аўтапавільёны.
Вытворчыя планы і іх выкананне не магчымы без працаздольнага калектыву. На прадпрыемстве працуе шмат адданых галіне работнікаў. Менавіта яны – наша галоўнае багацце: намеснік дырэктара М.М. Кавецкі, начальнік кацельні “Меліяратар”
А.У. Шаўцоў, вадзіцелі В. Кавалёў і Ф. Жарносенка, трактарысты А. Багадзяш, М. Панфілаў,
М. Шчарбакоў, слесар П. Дунай і многія іншыя.
Сёння выжывае і развіваецца тое прадпрыемства, якое ўмее разледзець перспектыву і выгаду. Толькі якасна змяніўшы свядомасць, мы зможам якасна змяніць і само жыццё.
Аляксандр КСЕНАФОНТАЎ,
генеральны дырэктар
КУП “Добрушскі камунальнік”