Аператыўна і надзейна ліквідоўваюць аварыйныя адключэнні работнікі РДС

Цэнтральны пульт раённай дыспетчарскай службы філіяла Гомельскіх электрасетак у Добрушы. На сцяне вялікая схема электразабеспячэння раёна.

– Зараз у нас усе спажыўцы бесперабойна атрымліваюць электраэнергію, – расказвае начальнік службы Д.М. Кавецкі. – Здарыцца аварыйнае адключэнне – на выезд па яго ліквідацыі гатова аварыйная брыгада.
Калектыў дыспетчарскай службы абслугоўвае электралініі 0,4-10 кВт. Гэтым заняты 16 энергетыкаў – дыспетчары, манцёры, вадзіцелі.
20 год любімай справе аддаў дыспетчар Аляксандр Палянок. Вопыт і веды ён перадае маладым.
У любы момант гатовы выехаць на лінію, дзе адбылося аварыйнае адключэнне, вадзіцелі Юрый Гладышаў, Аляксандр Дзегцяроў, якія пры неабходнасці могуць выканаць і работу манцёраў.
– Яны надзейныя памочнікі, – у адзін голас заяўляюць манцёры Пётр Панфілаў і Уладзімір Купан.
З добрым настроем сустракаюць сваё прафесійнае свята энергетыкі дыспетчарскай службы, якія імкнуцца аператыўна і надзейна ліквідоўваць аварыйныя адключэнні, зводзіць іх да мінімуму.
Мікола ШЫШОЎ
На здымку:
электраманцёр Яўгеній Валнянка,
дыспетчар Яўгеній Зайцаў
і вадзіцель Міхаіл Халюкоў