Глядацкія запыты мяняюцца, традыцыі застаюцца

Рубрика:

17 снежня сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі кіно. Напэўна, цяжка знайсці чалавека, які не любіць кіно. Дакументальныя, мастацкія, анімацыйныя стужкі прыцягваюць увагу чалавецтва.

Аб зараджэнні беларускага кіно, рабочых буднях камунальнага кінавідовішчнага ўнітарнага прадпрыемства “Добрушкінавідэасетка” гутарым з яго дырэктарам
М.У. Курыліным.
– Міхаіл Уладзіміравіч, з якой датай атаясамліваецца з’яўленне беларускага кіно?
– 17 снежня 1924 года было створана дзяржаўнае ўпраўленне па справах кінематаграфіі пры Народным камісарыяце адукацыі. У гонар гэтай падзеі знялі першыя дакументальныя фільмы. Упершыню ігравое кіно на тэрыторыі нашай краіны было знята ў 1926 годзе рэжысёрам Юрыем Тарычам і мела назву “Лясная быль”.
Дзень беларускага кіно – свята, калі можна ўспомніць не толькі гісторыю, але і сучасныя фільмы. Напрыклад, такія блокбастары ад Міхаіла Пташука, як “Анастасія Слуцкая”, “У жніўні 44-га” і шмат іншых фільмаў. За мінулыя гады на кінастудыі “Беларусьфільм” знята звыш 500 мастацкіх і некалькі тысяч дакументальных фільмаў.
– Калі ішоў да Вас, заўважыў, як змяніўся кінатэатр “Усход”, напэўна на яго рамонт затрачаны немалыя грошы?
– Сапраўды, у 2010-2011 гадах у кінатэатры выкананы рамонт памяшканняў. Частка грошай атрымана з абласнога бюджэту. Разам з тым, за асабістыя сродкі куплена офісная мэбля, устаўлены вокны з ПВХ, набыты плоттэр, дзякуючы якому мы змаглі прапанаваць грамадзянам і арганізацыям новыя віды паслуг: шырокафарматны друк, ламінаванне, выраб рэкламных буклетаў.
– У вашым калектыве разам з вопытнымі работнікамі працуе і моладзь. Гэта нейкім чынам дапамагае ім пераймаць вопыт старэйшых?
– Пераймаць вопыт, ці не –  асабістая справа кожнага маладога работніка. А тое, што вучыцца ім ёсць у каго, – факт бясспрэчны.
Добра працуе малады фатограф
А.А. Яскевіч. Яна выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі, кліенты задаволены, а прыбытак ад фотадзейнасці займае значную ўдзельную вагу ў агульным аб’ёме платных паслуг нашай арганізацыі.
За студзень-лістапад бягучага года тэмп росту платных паслуг, у тым ліку і ад кінавідэапаказаў, склаў 176,5 %. На 7,4 %
павялічылася колькасць кінагледачоў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
– Якія тэхнічныя навінкі можа прапанаваць сваім гледачам кінапракат раёна?
– У чэрвені бягучага года намі заключаны дагавор арэнды 3D-абсталявання. У гледачоў горада і раёна з’явілася рэальная магчымасць пазнаёміцца з сучаснымі тэхналогіямі і ўбачыць любімыя фільмы ў новым 3D фармаце.
– Каго ў святочны дзень хочаце ўспомніць і павіншаваць?
– Калектыў падабраўся творчы і працаздольны. Добрых слоў заслугоўваюць намеснік дырэктара Л.М. Бруянкоў, кінамеханік В.Ф. Хамянкоў, галоўны бухгалтар Н.М. Швайлікава.
 Не забываем ветэранаў, людзей, якія верай і праўдай служылі мастацтву не адзін дзясятак год: А.В. Соцкага, М.І. Бадэку,
Н.Р. Каральчук, Р.І. Бадэка, С.С. Мотузава, В.А. Галаганава. Гэта яны стварылі станоўчы імідж нашай арганізацыі. Справа маладых працягваць распачатую ветэранамі працу і ўпісваць свае імёны ў гісторыю развіцця кінафікацыі раёна.
Гутарку вёў Леанід ДУБОЎСКІ
Фота Яўгена УСЦІНАВА