Куда уедет хлебопечка? «ДК» определил победителей рекламной акции

Опубликовано пт, 17/01/2020 года - 16:45
Автор статьи

Падарункі ад «Добрушскага краю» знайшлі шчаслівых уладальнікаў.

А дапамагла газетчыкам у гэтай няпростай справе  незалежная камісія. Кожны з членаў яе мае непасрэднае дачыненне да раёнкі. Найперш тым, што доўгі час з'яўляецца яе пастаянным сябрам.


Кожнаму сёмаму жыхар раёна два разы на тыдзень у дом прыходзіць райгазета. 263 жыхары раёна з амаль 700 паўгадавых падпісчыкі “ДК” вырашылі выпрабаваць сваю ўдачу, даслалі копіі падпісных квітанцый у рэдакцыю. З ліку іх і вызначалі, каму дастануцца памятныя падарункі ад «ДК»: чайнік, набор інструментаў, танометр, прыбор для ўвільготнення паветра, хлебапеч. 

Падвядзеннем вынікаў рэкламнай акцыі сустрэча не абмежавалася.

– Ці памятаеце вы мяне? У 79-м мы з вамі ездзілі разам у Балгарыю, – праз 40 год пасля таго яркага ўражання жыццёвы шлях інжынера па ахове працы сельгаспрадпрыемства «Крупец» Валянціны Жаўняк і былой культработніцы дабрушанкі Вольгі Зіневіч зноў перасякліся. 

Для абедзвюх жанчын гэта сустрэча стала не менш запамінальнай. Бо кожная з іх прынесла ўдачу аднаму з падпісчыкаў «ДК». З лёгкай рукі Валянціны Жаўняк мікраклімат у доме дабрушанкі Ірыны Рудзянок будзе пад кантролем. Прыбор для ўвільготнення паветра, прызналася пераможца гульні, быў якраз тым падарункам, дзеля якога яна і ўдзельнічалі ў акцыі.  

Вольга Зіневіч назвала нумар «226» і вызначыла ўладальніка набора інструментаў. Спадзяёмся, дабрушанін работнік “Добрушскага камунальніка” Васіль Неўскі такі навагодні сюрпрыз ацэніць на вартасць.

Старшыня камісіі Сяргей Петражыцкі абраў кампаньёна «для цёплых сустрэч», так ахарактарызавалі электрычны чайнік, для Валянціны Паўлючэнка, жыхаркі аграгарадка Івакі.  

Інструктар па інфармацыйна-масавай рабоце Добрушскага фарфоравага завода Мікалай Сулаўка «прапісаў» танометр у доме работніцы культуры, жыхаркі аграгарадка Крупец Алены Саўчанка. Цяпер, прызналася ўсхваляваная жанчына,  33 для яе шчаслівая лічба.

Лёс галоўнага падарунка для пераможцаў рэкламнай акцыі “ДК” – шматфункцыянальнай хлебапечы, вызначыла загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета Алена Галавач. Удача з яе лёгкай рукі выпала былой работніцы фарфоравага завода Таццяне Маісеевай.

За кубкам кавы члены камісіі падзяліліся эмоцыямі, расказалі пра свае стасункі з газетай, выказалі пажаданні творчым работнікам па зместавым напаўненні газеты, падказалі журналістам цікавыя тэмы.

– Люблю чытаць пра людзей, якія шмат год працавалі ў розных галінах. Іх жыццёвы вопыт – дастойны таго, каб пра гэтых людзей узгадвалі часцей, – падзялілася Вольга Зіневіч. 

Валяціна Жаўняк паведамила, што чакае інфармацыі аб ходзе гаспадарчых работ у раёне і месцы яе роднага сельгаспрадпрыемства ў ім.

– Каля 30 год узначальвала прафсаюзную арганізацыю гаспадаркі, – зазначае. – Радуюся, калі нашы працаўнікі становяцца героямі газетных публікацый. Яны падштурхоўваюць да дасягнення новых працоўных вяршынь.

Аматару спорту Мікалаю Сулаўку на старонках газеты хацелася б бачыць больш інфармацыі пра мясцовыя спартыўныя падзеі.
Праз тыдзень раёнка зноў чакае гасцей. На кубачак кавы запрасілі пераможцаў акцыі.

Наталля ВАСІЛЬЕВА
Фота Яўгена УСЦІНАВА 

Теги