Калі работа ў радасць

Шчаслівы той чалавек,
які знайшоў сваё прызванне і атрымлівае ад сумленна выкананай работы не толькі даход, але і задавальненне
Да такіх людзей адносіцца Нэлі  Панкова.  Больш за шэсць год разносіць яна жыхарам горада газеты, часопісы, пенсіі, бандэролі.

Няцяжка здагадацца, што Нэлі Іванаўна –  паштальён. Працуе жанчына так, што жыхары паўночнай часткі Добруша не нарадуюцца. 15 вуліц неабходна абысці ёй, зайсці ў кожны дом. За шэсць год паштальён стала сапраўдным сябрам і дарадчыцай у многіх дамах горада. Вось і сёння Нэлі Панкова плануе завітаць да 28 падпісчыкаў.
Але так было не заўжды. Прыход у прафесію звязаны з пераездам сям’і Панковых з Казахстана, жыццём у статусе беспрацоўнага. Аднойчы  ёй прапанавалі стаць паштальёнам, пагадзілася. Думала, на некалькі месяцаў, але работа прый­шлася да душы.
 Па словах паштальёна, у бягучым го­дзе дабрушане менш актыўна выпісваюць газеты і часопісы, але гэта не тычыцца раёнкі. Яна па колькасці падпісчыкаў па-ранейшаму на першым месцы.
– Кожны квартал на маім участку “Добрушскі край” выпісваюць каля 230 сем’яў, – расказвае жанчына. – Пачынаеш размаўляць з людзьмі і разумееш, што падпіска на раёнку абумоўлена рэгіянальнасцю газеты. Менавіта з яе публікацый чытачы даведваюцца пра асноўныя падзеі раёна, знаёмяцца з яго лепшымі прадстаўнікамі. Акрамя гэтага, падпісчыкі заўважылі, што прагноз пагоды, які друкуецца на старонках газеты, –  заўжды спраўджваецца. 
Зараз, па словах паштальёна, вельмі гарачая пара, ідзе падпіска на наступны год, а таму кожны рабочы дзень распісаны па гадзінах. Яшчэ з вечара Нэлі Панкова плануе, да каго зайсці заўтра, каму неабходна напомніць пра падпіску. Працоўны дзень пачынаецца ў 7 гадзін раніцы і доўжыцца да таго моманту, пакуль апошні падпісчык не атрымае выпісанае ім выданне.
Леанід ДУБОЎСКІ
Фота аўтара