Журналисты "ДК" узнали, как в ОАО "Завидовское" воспитывают передовиков

Дэлегацыя сельгаспрадпрыемства “Завідаўскае” на абласным свяце аграрыяў “Дажынкі” была ў полі агульнай увагі. Невыпадкова: калектыў гаспадаркі стаў адным з пераможцаў абласнога спаборніцтва ў намінацыі “Вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі” і адзначаны граматай трэцяй ступені. Грашовыя прэміі, падзякі, граматы атрымалі і некаторыя работнікі “Завідаўскага”.

– Працуем не дзеля ўзнагарод, хаця прыемна, што намаганні завідаўскіх жывёлаводаў і механізатараў не застаюцца без увагі раённага і абласнога кіраўніцтва, – падзялілася намеснік дырэктара прадпрыемства Таццяна Шчучэнка. – Таццяна Сакоўская, напрыклад, адзначана ў ліку лепшых брыгадзіраў малочна-таварных фермаў, Ала Прыходзька стала трэцяй сярод аператараў па вырошчванні буйной рагатай жывёлы. Лепшага паказчыка ў вобласці па нарыхтоўцы травяных кармоў дасягнуў наш механізатар Аляксандр Шчучэнка. А галоўны аграном прадпрыемства Таццяна Рэкашова атрымала Падзяку Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі.

Самі пераможцы абласных спаборніцтваў дасягненнямі хваліцца не спяшаюцца. Аднак сакрэтамі майстэрства дзеляцца з ахвотай. Для Аляксандра Шчучэнкі, напрыклад, стужка з надпісам “Пераможца” не першая ў калекцыі. З усмешкай ён жартуе: унукам сваім хваліцца буду. А пакуль трэба проста працаваць. Да слова, яго стаж механізатара – каля 20 гадоў. Апошнія пяць год ён устойліва трымае першынство сярод камбайнераў на ўборцы зерневых, а таксама ў мінулым годзе нарыхтаваў 43 тысячы тон зялёнай масы. Вынік зайздросны.

Пытаем: сядзець за рулём якога агрэгата яму падабаецца больш?

– Як і калегі, з нецярпеннем чакаю жніва, – прызнаецца субяседнік. – Прыемна, калі ўсе працуюць як адзіны арганізм дзеля галоўнай мэты – хутчэйшага збору ўраджаю.

Спрабуем даведацца аб тонкасцях работы перадавіка. У адказ той толькі рукамі разводзіць. Маўляў: многае залежыць ад работы  галоўнага агранома і ўраджайнасці зерневых і кукурузы. Як спрыяльны фактар адзна­чае тое, што тэхніка павінна знаходзіцца ў адных руках.

 Ужо сёння Аляксандр пачынае рыхтавацца да чарговай пасяўной. Абслугоўвае трактар, рамантуе дыскатар. Наперадзе – чарговая пасяўная.

Асаблівых сакрэтаў не раскрывае і аператар Ала Прыходзька, якая працуе на ферме ў Чырвоным Партызане 22 год запар. Перадумова рэкордных сярэднясутачных прывесаў жывёлы, на яе думку, якасныя кармы і належны догляд. Група Алы Прыходзька – 150 галоў – своечасова атрымлівае сена і сілас, канцэнтраты і неабходныя дабаўкі. На самой ферме пануе чысціня.

На адкорм жа трапляюць бычкі ва ўзросце шасці месяцаў. У кожнага – свой нораў і асаблівасці. Ёсць “халерыкі” і “флегматыкі”, аднак ніводны не абдзелены ўвагай.

– У гаспадарцы ўсё настроена на паспяховую працу, – упэўнена субяседніца. – Рацыён для жывёл распрацоўвае заатэхнік, кармы паступаюць без перабояў. Ад мяне патрабуецца толькі добрасумленнае выкананне сваіх абавязкаў ды крыху ласкі.

Як кажуць, па працы – і заслугі. Аднак бачна: людзі ў “Завідаўскім” добрасумленна адносяцца да даручанай справы. А гэта – яўны шлях да поспеху.

Сяргей ЧАЙДАК

Фота Яўгена УСЦІНАВА