Журналист «ДК» записала воспоминания свидетелей трагических событий Великой Отечественной войны

Опубликовано вс, 30/06/2019 года - 12:30
Автор статьи

У дзяцінстве расказы бабулі Фёклы аб вайне і акупацыі мне здаваліся жахлівымі. У пачатку верасня 1941-га, калі немцы бамбілі Рагачоў, яна ў страху дачасна нарадзіла маю маці. Бабуля помніла ўсё жыццё, як паліцай Пётр па мянушцы “Клоўн” пусціў аўтаматную чаргу па сценах хаты. Паказваў так, хто гаспадар жыцця. Не зважаючы на ўсё, многія аднавяскоўцы Фёклы дапамагалі партызанам: пяклі хлеб, хавалі ад немцаў яйкі. Нават “ціснулі” для партызан ноччу самагон.

Больш за ўсё запомніліся ўспаміны пра параненага нямецкага салдата, якога бабуля схавала ў дрывотні. Дровы на маёй малой радзіме складалі па крузе. У сярэдзіне – пустата, у якой мог свабодна размясціцца дарослы чалавек. Вось там і сядзеў 19-гадовы вайсковец. Немцы думалі, што ён забіты, а партызаны шукалі, каб дабіць. Бабуля жартавала: “Ноччу даглядала нямецкага сына, а днём насіла перадачкі беларускаму”. Яе 15-гадовы Адам у гэты час знаходзіўся разам з іншай моладдзю на вялікім вясковым падворку і чакаў адпраўкі на прымусовыя работы ў Германію.

На шчасце, ён не трапіў на чужыну. А нямецкага салдата дапамаглі пераправіць у Бабруйск. Там яго выратаваннем заняліся падпольшчыкі. У 1953 годзе бабуля даведалася, што ён застаўся жывы. Аднойчы яе выклікалі ў сельсавет і ўручылі ліст ад нямецкага камуніста Отта. Так клікалі юнака, якога лячыла бабуля. Ён дабраўся да Германіі і ўдзельнічаў у падпольным руху. Тое пісьмо яна прачытала і спаліла. Ад граху далей. Але радкі з ліста Фёкла Канавалава помніла да скону “…мая беларуская матуля, дзякуй, што падарыла другое жыццё”.

Дабрушанка Елізавета Марцюшкова, у замужжы – Прэжына, нарадзілася ў 1938 годзе ва Украіне. Па яе словах, жахі вайны зведала ў 4-гадовым узросце, калі бацькі вырашылі ў 1942-м вярнуцца на радзіму ў Беларусь. Маці казала: “Пойдзем на радзіму. Будзем дапамагаць нашым чырвонаармейцам змагацца з ворагам”.

Дабіралася сям’я ў родную Селязнёўку, якая колісь была побач з вёскай Мар’іна, не адзін месяц. Елізавета Епіфанаўна ўспомніла, як маці дзяліла хлеб у дарозе паміж пяццю членамі сям’і.
 

Вяскоўцы прынялі іх добра. Нават дапамаглі пабудаваць хату. Але пажыць у ёй не давялося: на Добрушчыну прыйшлі немцы і пачалі ўстанаўліваць свае парадкі.

Позняй восенню 1942-га немцы сагналі жыхароў з суседніх вёсак і калонай накіравалі праз Раманавічы на Гомель. Жанчына ўспамінае: было многа дзяцей і старых. Маленькія плакалі: у іх не было сіл ісці. Аднойчы, калі 4-гадовая Ліза таксама выбілася з сіл і крыху выйшла з калоны, то трапіла пад колы запрэжкі. І менавіта гэта вырашыла яе далейшы лёс: немцы пакінулі сям’ю дзяўчынкі ў Брылёва. Калону ж пагналі далей у Жлобін і Бабруйск.

У Брылёва сям’я Прэжыных сустрэла першыя маразы. Жылі ў старэнькай хаціне. Брылёўцы дзяліліся, чым маглі. Бацькі рабілі ўсё, каб выжыць. Капалі мёрзлую бульбу на полі. Бацьку падказалі, дзе можна назбіраць капусных лістоў. Так у іх рацыёне з’явілася квашаная капуста, якая для маленькай Лізы была лепшым пачастункам.

У Селязнёўку сям’я вярнулася ў 1943-м, калі нашы вызвалілі Гомель. Елізавеце Епіфанаўне на ўсё жыццё запомнілася поле перад Заляддзем, якое яны перасякалі на шляху да хаты. На ім былі сотні целаў нашых салдатаў. У хуткім часе і бацька папоўніў рады чырвонаармейцаў: яго мабілізавалі на фронт ва ўзросце 43 год. Апошняе, што жанчына запомніла пра бацьку: ён трымаў яе на руках, цалаваў у шчокі. І наказваў, каб слухалася маці. Бацька загінуў у 1944 годзе пад Данецкам.
 

Фота носіць ілюстрацыйны характар