Жители Прудовки Добрушского района отпраздновали день деревни

Рубрика:

Не па-асенняму цёплы дзень мінулай пятніцы стаў для жыхароў вёскі Прудоўка, што ў Церахоўскім сельсавеце, вельмі турботным. Многія гаспадыні з раніцы завіхаліся на кухні, імкнучыся прыгатаваць “фірменныя” стравы. Іх прыносілі да святочнага стала. Яго па традыцыі ладзілі талакой. Душэўна, па-сямейнаму, з песнямі пра родны край прудоўцы адсвяткавалі дзень вёскі.

У пасёлку, вядомым з XIX стагоддзя некалі існуючымі цукровым заводам, вадзяным млынам, паштовым аддзяленнем, шынкамі, своеасаблівым грамадскім цэнтрам сёння з’яўляецца вясковы магазін. Каля яго і наладзілі ўрачыстасці. Шмат людзей сабралася ў адным месцы. Загадзя падрыхтавалі стулы, лаўкі. Павіншаваць са святам вёскі мясцовых жыхароў прыехаў старшыня сельвыканкама Аляксандр Кузняцоў, артысты Церахоўскага гарадскога Дома культуры. Яны выступілі перад удзельнікамі свята з больш чым гадзіннай канцэртнай праграмай.

– Святы такіх невялікіх пасёлкаў – з’ява асаблівая. Вяскоўцы старанна рыхтаваліся да нашага прыезду, арганізавалі цёплы прыём. Пад гукі душэўных песень пра родны край, пра вёску нехта змахнуў слязінку з вачэй, а нехта глыбока задумаўся, – дзеліцца ўражаннямі мастацкі кіраўнік установы культуры  Людміла Кавалёва.

Наталля ВАСІЛЬЕВА