Жители маленького поселка в Добрушском районе верят: у Дмитриевки есть будущее

Дзмітрыеўка – адзін з нямногіх на Добрушчыне населеных пунктаў, які ў свой час не атрымаў моцнага эканамічнага штуршка. Як следства – паступова знікае з карты раёна. Большасць трывалых чырвонацагляных дамоў пасляваеннай забудовы сёння пустуе. Старажылаў у населеным пункце роўна столькі ж, колькі тут вулічных ліхтароў – адзінаццаць. І гэты факт у мясцовых жыхароў даўно стаў жартам. Маўляў: багата жывём. Каля кожнага двара – асабістае асвятленне.

Створаны ў другой палове ХІХ стагоддзя, пасёлак з кожным годам прыбаўляў у падвор’ях і насельніцтве. Пасля абвяшчэння НЭПу многія пажадалі пераехаць бліжэй да выдзеленай зямлі. Так у Дзмітрыеўцы з’явілася каля 200 жыхароў і пабудавалася 35 дамоў. Росквіт пасёлка прыйшоўся на пасляваенны час. Напрыканцы 60-х год мінулага стагоддзя тут жылі 340 вяскоўцаў.
–  Магчыма, гэтаму паспрыяла тое, што ён пасля выгнання захопнікаў практычна не пацярпеў ад карнікаў, – расказвае ўра­джэнец Дзмітрыеўкі Мікалай Канцавы (на здымку). – У кожнай хаце было па 3-5 дзетак, у нашай сям’і – чацвёра. Дзейнічала пачатковая школа. Ды і з працай – ніякіх праблем. Жадаеш – у паляводы ідзі, жывёлу любіш – калі ласка, на ферму. Мая маці, напрыклад, працавала на праполцы льну, убіралі яго ўручную.
Суразмоўца вярнуўся на малую радзіму 5 год таму назад, каб даглядаць
90-гадовую цешчу. Аднак усё дзяцінства і маладосць правёў тут. Памятае, як яшчэ падлеткам хадзіў у суседнюю Чырвона-будскую школу. У адным класе тады было 32 вучні.
У той час, калі дарослыя працавалі на вырошчванні льну і жыта, а гэта былі адны з асноўных культур на палетках калгаса “Ленінскі шлях”, падлеткі таксама не адпачывалі. У жніво разгружалі машыны з зернем, хадзілі ў “начную” на мясцовы зерняток, каб яго веяць і сарціраваць. Будынак зернесклада і сёння ўзвышаецца на прыгорку. А вось ферма са школай зруйнаваны. Знік і мясцовы клуб. Пакрысе захоўваюцца драўляныя дамы. Цягляныя ж набывае нейкі прадпрымальнік, каб разабраць на будматэрыялы.
Мікалай Мікалаевіч не шукае віноўных. Упэўнены: памылку зрабілі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, калі не сталі будаваць дамы для перасяленцаў на ўскраіне суседняй Чырвонай Буды і не працягнулі яе вуліцу да самага пасёлка. А разам з ёй – і газаправод.
– Адток людзей пачаўся яшчэ  раней, – тлумачыць ён. – Як толькі сталі выдаваць на рукі пашпарты ўсім жадаючым, многія адправіліся ў Гомель і Добруш. Пасля сялянскай працы жыццё гараджан здавалася ім лёгкім. Ды і гаспадарку развучыліся людзі з часам трымаць. Некалі карова, свінні і мінімум 20 сотак зямлі лічыліся нормай. Сёння толькі ў аднаго жыхара 13 коз, у астатніх у лепшым выпадку – куры.
Даіць кароў і апрацоўваць “соткі” ў пасёлку няма каму. Зарэгістраваныя тут 6 мужчын і 5 жанчын – пенсіянеры. Некаторых на зіму забіраюць дзеці. Пасёлак ажывае толькі вясной, калі прыязджаюць дачнікі. Іх тут каля 15. Практычна ўсе – ураджэнцы Дзмітрыеўкі.
– Дзякуй мясцовай уладзе за ўвагу, – кажа ён. – Дарогі рэгулярна чысцяцца. Наладзілася работа аўталаўкі. Прывозяць нават бананы і цытрусавыя, ёгурты, некалькі відаў каўбас.
Што тычыцца існавання пасёлка, суразмоўца ўпэўнены: пакуль жывыя яго жыхары, іх дзеці і ўнукі, яны не пакінуць малую радзіму продкаў без нагляду. На яго вуліцах будзе гучаць дзіцячы смех.
Сяргей ЧАЙДАК
Фота Яўгена УСЦІНАВА